Кардынал Рэйна: лёс чалавецтва нельга даверыць алгарытмам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Кардынал Бальдасарэ Рэйна прыняў удзел у прэзентацыі Рымскай дэкларацыі, якая прайшла 16 ліпеня 2026 года ў Капіталійскім палацы – мэрыі італьянскай сталіцы. Дакумент з’яўляецца плёнам міжнароднай канферэнцыі “Штучны інтэлект і ядзерная зброя”, якая прайшла ў Кастэль-Гандольфа з удзелам каля 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, навукоўцаў і вядучых экспертаў у галіне сучасных тэхналогій.
Папскі вікарый адзначыў, што чалавецтва стаіць на парозе вялікіх пераменаў: навуковы і тэхналагічны прагрэс адкрывае надзвычайныя магчымасці ў медыцыне, адукацыі, ахове навакольнага асяроддзя, барацьбе з беднасцю і будаўніцтве міру.
“Аднак той жа самы прагрэс, калі ён адарваны ад этыкі, адказнасці і годнасці чалавечай асобы, можа стаць інструментам панавання, выключэння і нават знішчэння”, - папярэдзіў іерарх.
Кардынал Рэйна падкрэсліў, што “ключавое пытанне палягае не ў самой тэхналогіі, а ў чалавечым сэрцы, якое накіроўвае яе, у свядомасці, якая ёй кіруе, у палітыцы, якая яе рэгулюе, і ў міжнароднай супольнасці, якая бярэ за яе адказнасць”.
Іерарх падкрэсліў, што рашэнні, якія датычацца жыцця і смерці, міру і вайны, не могуць быць перададзены машынам або аўтаномным сістэмам. Асабліва гэта датычыцца выкарыстання ядзернай зброі: штучны інтэлект не павінен самастойна вызначаць магчымасць яе прымянення.
Іерарх назваў зліццё штучнага інтэлекту і ядзерных сістэм адным з самых сур’ёзных выклікаў нашага часу. Ён папярэдзіў, што рост ваеннага патэнцыялу без адпаведнага развіцця дыялогу, даверу і міжнароднага супрацоўніцтва можа прывесці да катастрафічнай эскалацыі.
Кардынал Рэйна нагадаў, што бяспека, пабудаваная на пагрозе ўзаемнага знішчэння, “заўсёды застаецца кволай, часовай, неабароненай ад памылак, няправільных разлікаў, збояў і раптоўных крызісаў”.
“Менавіта таму Святы Пасад працягвае ясна ўказваць на неабходнасць іншага шляху: шляху раззбраення, даверу, міжнароднага права, шматбаковага супрацоўніцтва, дыялогу паміж бакамі і пераадолення глыбінных прычын небяспекі”, - сказаў ён.
Іерарх падкрэсліў, што мір патрабуе барацьбы з прычынамі канфліктаў – беднасцю, голадам, несправядлівасцю, выключэннем, нянавісцю, гонкай узбраенняў, культурай адчужэння і абыякавасцю да пакут іншых.
Па словах кардынала, Рымская дэкларацыя змяшчае канкрэтныя абавязацельствы: стварэнне механізмаў міжнароднага кіравання штучным інтэлектам, прадухіленне выпадковых крызісаў паміж дзяржавамі, адукацыю новых пакаленняў у духу спалучэння навукі, крытычнага мыслення і этыкі, а таксама працяг дыялогу паміж палітыкамі, навукоўцамі, рэлігійнымі лідарамі і грамадзянскай супольнасцю.
Кардынал Рэйна падкрэсліў, што Касцёл не прапануе тэхнічных рашэнняў складаных праблем, але нагадвае пра фундаментальны прынцып: любы выбар у сферы тэхналогій, бяспекі і міру павінен захоўваць непарушную годнасць чалавечай асобы.
“Ніякія дзяржаўныя інтарэсы не могуць сцерці каштоўнасць чалавечага жыцця. Ніякі стратэгічны інтарэс не можа апраўдаць пагрозу поўнага знішчэння”, - сказаў іерарх.
Папскі вікарый выказаў надзею, што Рымская дэкларацыя стане не толькі дакументам, але і пачаткам супольнага шляху да больш адказнага выкарыстання тэхналогій, дзе навука будзе служыць чалавеку, а штучны інтэлект будзе кіравацца чалавечай мудрасцю.