Пошук

Нобелеўскія лаўрэаты абмяркоўваюць ШІ і ядзерную бяспеку

У Кастэль-Гандольфа працягваецца асамблея “Штучны інтэлект і ядзерная вайна” з удзелам лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і вядучых экспертаў у галіне сучасных тэхналогій. Форум натхнёны энцыклікай Льва XIV “Magnifica humanitas”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14 ліпеня 2026 года з прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся кардынал Фабіа Баджа, пра-прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і генеральны дырэктар Цэнтра вышэйшай адукацыі "Laudato si’". Ён адзначыў, што мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, але парадак, заснаваны на справядлівасці, узаемным даверы, павазе да права і неад’емнай годнасці кожнага чалавека.

Кардынал Сільвана Тамазі, апостальскі нунцый і старшыня Фонду "Domus Communis", заявіў, што штучны інтэлект, аўтаномныя сістэмы, квантавыя тэхналогіі, камп'ютэрныя магчымасці і сучасная вылічальная інфраструктура ўжо змяняюць саму канцэпцыю бяспекі. Вялікія дзяржавы ўсё часцей уцягваюцца ў рэгіянальныя канфлікты, а магчымасць ядзернай эскалацыі ўжо не ўспрымаецца як абстрактны сцэнарый, а як канкрэтная і непасрэдная пагроза

Спасылаючыся на энцыкліку “Magnifica humanitas”, кардынал Тамазі адзначыў, што чалавецтва стаіць перад выбарам: пабудаваць новую Вавілонскую вежу або новы Іерусалім, дзе тэхналогіі служаць братэрству, а кожная інавацыя ацэньваецца праз прызму годнасці чалавека. “Святы Айцец нагадвае нам, што тэхналогіі ніколі не бываюць маральна нейтральнымі”, - сказаў ён.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Мухамад Юнус
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Мухамад Юнус

Кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, прапрэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, падкрэсліў, што праблема заключаецца не ў тэхналогіях, а ў тым кірунку, які мы хочам ім задаць. Без павагі да асноўных правоў чалавека існуе небяспека стварэння сістэм, якія будуць спрыяць кантролю, маніпуляцыі і новым формам няроўнасці.

У першы дзень асамблеі пасля адкрытых дэбатаў і прамоў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, экспертаў, былых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, работа форуму працягнулася ў закрытым фармаце.

Па выніках трохдзённай сустрэчы будзе падпісана сумесная “Рымская дэкларацыя аб бяззбройным і разбройваючым міры ў эпоху штучнага інтэлекту, ядзернай і аўтаномнай зброі, новых лічбавых пратаколаў і новых мадэляў лічбавага развіцця”. Яна будзе ўрачыста прадстаўлена 16 ліпеня 2026 года на рымскім Капітоліі.

Сусветны сход лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў Кастэль-Гандольфа
Сусветны сход лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў Кастэль-Гандольфа
15 ліпеня 2026, 12:17