Пошук

Падчас адкурыцця VI Сусветнага апостальскага кангрэса міласэрнасці (© Aistė Karpytė) Падчас адкурыцця VI Сусветнага апостальскага кангрэса міласэрнасці (© Aistė Karpytė)  ((© Aistė Karpytė))

У Вільні праходзіць Сусветны кангрэс міласэрнасці

У літоўскай сталіцы праходзіць VI Сусветны апостальскі кангрэс міласэрнасці, які аб’яднаў шэсць тысяч вернікаў і стаў адказам на духоўны голад сучаснага чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Вільні гэтымі днямі працягваецца буйны каталіцкі форум, які распачаўся ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, 7 чэрвеня 2026 года, і працягнецца да 12 чэрвеня.

Галоўнай тэмай сустрэчы, якая сабрала каля 6 тысяч пілігрымаў, стала "Будаванне Горада Міласэрнасці". Ва ўрачыстай святой Імшы перад архікатэдрай святога Станіслава і святога Уладзіслава, якая адкрыла Кангрэс, прынялі ўдзел шматлікія вернікі, пасля чаго па вуліцах горада прайшла эўхарыстычная працэсія.

Праз гістарычныя раны да духоўнага адраджэння

Падчас адкрыцця форуму арцыбіскуп Вільні Гінтарас Грушас падкрэсліў, што Эўхарыстыя з’яўляецца самім цэнтрам Божай міласэрнасці. Іерарх адзначыў, што сучасная эпоха сутыкаецца з глыбокім духоўным голадам і адзінотай, нягледзячы на развіццё тэхналогій.

Падчас працэсіі Божага Цела вуліцамі Вільні
Падчас працэсіі Божага Цела вуліцамі Вільні   (Evgenia Levin)

Спасылаючыся на энцыкліку Льва XIV "Magnifica humanitas" і "Дзённік" святой Фаўстыны, арцыпастыр нагадаў пра незнішчальнасць касцельных святыняў Вільні, якія перажылі савецкі пераслед і атэізм, ператварыўшыся сёння ў месцы абвяшчэння Евангелля. Паводле яго слоў, сапраўдны Горад Міласэрнасці будуецца з людзей, перамененых Божай любоўю.

Давер як адказ на выклікі сухой пустыні жыцця

У межах кангрэса да ўдзельнікаў з гаміліяй звярнуўся кардынал Раландас Макрыцкас. Ён адзначыў, што на гэтым віленскім узгорку б’ецца самае сэрца Божай міласэрнасці, дзе святая Фаўстына атрымала вялікае пасланне для ўсяго свету. Кардынал падкрэсліў, што Божая міласэрнасць – гэта не проста прыгожая ідэя, а рэальны клопат Бога, які корміць чалавека ў хвіліны слабасці.

Падчас Імшы на адкрыццё Кангрэса
Падчас Імшы на адкрыццё Кангрэса   (© Evgenia Levin)

Кардынал Макрыцкас таксама прыгадаў словы Папы Францішка, сказаныя падчас яго апостальскага падарожжа ў Літву ў 2018 годзе, пра тое, што Езус глядзіць у самае сэрца, куды прыносіць сваю міласэрнасць, каб падняць чалавека.

Іерарх заклікаў вернікаў заставацца жывым знакам прабачэння і блізкасці в свеце, падзеленым войнамі, і штодня паўтараць словы святой Фаўстыны: "Езус, давяраю Табе".

Праграма кангрэса працягваецца набажэнствамі, канферэнцыямі, пілігрымкамі і дабрачыннымі ініцыятывамі.
 

09 чэрвеня 2026, 08:19