Леў XIV прывітаў удзельнікаў Кангрэса Міласэрнасці ў Вільні
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пантыфік прывітаў усіх удзельнікаў форуму, правядзення якога “моцна жадаў” святы Ян Павел II. Асобнае прывітанне ён скіраваў арцыбіскупу Віленскаму Гінтарасу Грушасу, прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседзе, а таксама Патрыярху Канстанцінопальскаму Барталамею, які прымае ўдзел у сустрэчы.
“Святы Аўгустын пісаў у “Споведзі”, што яго адзіная надзея – на бязмежную Божую міласэрнасць (10, 40). Сапраўды, гэта крыніца вялікай радасці і сапраўднай надзеі, калі мы адчуваем, наколькі міласэрны Бог да кожнага з нас і як карысна для нас аднаўляць свой давер да Яго міласэрнасці”, - сказаў Папа.
Леў XIV адзначыў, што сённяшні свет з яго шматлікімі страхамі і трывогамі, напружанасцю і войнамі дэманструе ўсё больш настойлівую патрэбу ў супакоі як у сэрцах асобных людзей, так і народаў. Сярод віхуры гвалту, які атручвае адносіны і знішчае жыцці, Божая міласэрнасць просіць, каб яе ўпусцілі ў сэрцы, бо яна здольная змяніць наша жыццё і адкрыць шлях да любові і прабачэння.
Бог ніколі не стамляецца праяўляць Сваю міласэрнасць. Яго любоў трывае навекі. Наш свет усё больш прагне міласэрнасці на кожным узроўні! Супакой, якога мы так глыбока жадаем, немагчымы без міласэрнасці, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы вернікаў аб’яднаць давер да бясконцай Божай міласэрнасці з асабістай адказнасцю за пабудову больш гасціннага і міласэрнага грамадства, пачынаючы з уласных сем’яў.
Святы Айцец выказаў надзею на тое, што дні, інтэнсіўна праведзеныя ў Вільні, стануць для ўдзельнікаў кангрэса крыніцай духоўнага багацця, якое яны змогуць прынесці ў свае супольнасці па ўсім свеце.
