Новы кіраўнік папскага фонду заклікаў дапамагчы хрысціянам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас штогадовай пілігрымкі супрацоўнікаў Фонду "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" ў бенедыктынскае абацтва ў швейцарскім Эйнзідэльне кардынал Курт Кох звярнуў увагу на праблему сучаснага хрысціянскага мучаніцтва.
Іерарх, які ўзначальвае Дыкастэрыю спрыяння хрысціянскаму адзінству, рашэннем Льва XIV стаў таксама старшынёй Папскага фонду "Дапамога Касцёлу ў патрэбе". Новы кіраўнік прызнаўся, што прыняў гэтую місію з вялікай радасцю, бо арганізацыя заўсёды была блізкай яго сэрцу. Гэтая структура робіць шмат дабра і пастаянна нагадвае пра вернікаў, якія жывуць у нястачы.
Сведчанне веры, змацаванае крывёй пакут
У інтэрв’ю для італьянскага партала „Il Timone” кардынал Кох падкрэсліў, што ганенні на хрысціян не сталі мінулым, а застаюцца балючай рэчаіснасцю для мільёнаў людзей. "Сёння мучанікаў больш, чым у першыя стагоддзі гісторыі Касцёла", - зазначыў іерарх, спасылаючыся на паняцце экуменізму крыві.
Ён нагадаў, што дыктатары не робяць розніцы паміж католікамі, праваслаўнымі ці пратэстантамі, бо хрысціян пераследуюць менавіта за веру ў Хрыста. Пралітая кроў яднае ўсіх вызнаўцаў па-над любымі падзеламі, а вернікі ў пакутах даюць унікальнае сведчанне адзінства.
Парушэнне рэлігійнай свабоды як глабальны выклік сучаснасці
Падчас сустрэчы ў Швейцарыі вернікі маліліся за ахвяр насілля ў такіх краінах, як Ірак, Гаіці, Пакістан і Інданезія. Асаблівая ўвага была звернута на супольнасці, якія пакутуюць ад дыскрымінацыі, прымусовых перасяленняў і выкраданняў.
Гэтыя трывожныя факты пацвярджаюцца данымі справаздачы "Рэлігійная свабода ў свеце 2025". Дакумент нагадвае, што свабода веравызнання – гэта не прывілей, а фундаментальнае права кожнага чалавека. Каля дзвюх трэціх чалавецтва жыве ў дзяржавах, дзе гэтае права сур’ёзна парушаецца або не гарантуецца цалкам.
Сістэмнае насілле фіксуецца ў Кітаі, Індыі, Нігерыі, Паўночнай Карэі, Эрытрэі, Іране і Нікарагуа, а сітуацыю дадаткова дэстабілізуе ўзмацненне джыхаду.
Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе", які існуе з 1947 года, падтрымлівае, між іншым, хрысціян у Святой Зямлі, Ліване, Сірыі, Украіне і Нігерыі.
Кардынал Кох падкрэсліў, што магчымасць удзельнічаць у гэтай глабальнай місіі дапамогі з’яўляецца для яго надзвычай важнай.