Лічбы і рэальнасць Касцёла ў Іспаніі перад візітам Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
З 6 па 12 чэрвеня 2026 года Леў XIV здзейсніць сваё чацвёртае міжнароднае апостальскае падарожжа, падчас якога наведае Мадрыд, Барселону і Канарскія астравы.
Каб глыбей зразумець рэальнасць, у якой жывуць мясцовыя вернікі, і ўбачыць перспектывы развіцця супольнасці, варта зірнуць на яе лічбавы профіль, складзены паводле звестак на 31 снежня 2024 года. У краіне, плошча якой перавышае 505 тысяч квадратных кіламетраў, ахрышчаныя католікі складаюць абсалютную большасць насельніцтва – 45 мільёнаў 336 тысяч чалавек, або 93,25 працэнта грамадства.
Трывалая структура душпастырства сярод выклікаў сучаснасці
Гэтая вялікая паства размеркавана па 71 касцельнай акрузе, якія аб’ядноўваюць 22 788 парафій і 4 137 іншых душпастырскіх цэнтраў. Штодзённае служэнне патрабуе значных высілкаў ад духавенства.
Пантыфіка будуць сустракаць 130 біскупаў – гэтая лічба адлюстроўвае іерархічны склад на 30 красавіка 2026 года. Непасрэдную пастырскую апеку ажыццяўляюць 18 113 святароў, сярод якіх 12 461 дыяцэзіяльны і 5 652 манаскія душпастыры. Статыстыка паказвае, што на аднаго святара прыпадае 2 503 католікі, аднак шырокае прыцягненне іншых удзельнікаў апостальства змяншае гэтую нагрузку да 332 вернікі на аднаго душпастырскага супрацоўніка.
Жыццё мясцовых супольнасцей немагчыма ўявіць без ахвярнасці манахаў і свецкіх вернікаў. У краіне працуюць 32 996 манахінь, 2 435 законнікаў без святарскага пасвячэння і 601 пастаянны дыякан. Акрамя таго, місію падтрымліваюць 1 588 чальцоў свецкіх інстытутаў, 96 свецкіх місіянераў і велізарная сетка з 80 637 катэхізатараў.
Інвестыцыі ў будучыню: ад выхавання пакліканняў да сацыяльнай місіі
Будучыня іспанскага Касцёла закладаецца ў семінарыях і адукацыйных цэнтрах. На канец снежня 2024 года ў краіне налічвалася 1 343 семінарысты.
Паралельна Касцёл адыгрывае вызначальную ролю ў выхаванні моладзі праз уласныя навучальныя ўстановы. Гэтая разгалінаваная сетка ахоплівае 3 773 дзіцячыя садкі і пачатковыя школы, дзе вучацца 726 856 дзяцей, 1 885 сярэдніх школ з 549 013 вучнямі, а таксама 104 вышэйшыя навучальныя ўстановы і ўніверсітэты, дзе адукацыю атрымліваюць 158 709 студэнтаў.
Практычнае вымярэнне веры і яе жыццёвая сіла найбольш яскрава выяўляюцца ў прасторы салідарнасці і міласэрнасці. Пад кіраваннем касцельных структур дзейнічаюць 58 шпіталяў, 51 амбулаторыя і 848 пансіянатаў для пажылых, інвалідаў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы сям'і і дзяцінства праз дзейнасць 660 прытулкаў для сірот і ясляў, а таксама 226 цэнтраў сямейнага кансультавання. Гэтую сістэму дапаўняюць 197 адмысловых устаноў для сацыяльнага выхавання і рэабілітацыі і 3 051 іншая сацыяльная структура, што пераканаўча сведчыць аб трывалай ролі Касцёла як важнай грамадскай апоры ў Іспаніі.