Пошук

Выява Льва XIV на вуліцы ў Мадрыдзе Выява Льва XIV на вуліцы ў Мадрыдзе 

Візіт Папы ў Іспанію: Мадрыд апрануўся ў колеры Ватыкана

Мадрыд рыхтуецца прыняць Святога Айца. Гэты горад стане першым этапам падарожжа Льва XIV у Іспанію, якое адбудзецца з 6 па 12 чэрвеня 2025 года. Гаворка ідзе пра першы папскі візіт у краіну пасля Сусветных дзён моладзі 2011 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мясцовыя ўлады і жыхары называюць гэту падзею гістарычнай. Паводле ацэнак мэрыі, на галоўных мерапрыемствах з удзелам Пантыфіка могуць прысутнічаць каля 1,8 мільёна чалавек. Каб забяспечыць бяспеку і камфорт для гараджан і шматлікіх пілігрымаў, у горадзе задзейнічаны тысячы праваахоўнікаў і валанцёраў.

Адной з самых яркіх дэталяў падрыхтоўкі стала маштабная кветкавая кампанія, арганізаваная мэрыяй Мадрыда. У знакавых месцах горада – такіх як Брама Алькала, Плошча Іспаніі, Пасэа-дэль-Прада і парк Рэціра – высаджаны каля 100 тысяч белых і жоўтых кветак – петуній, аксамітак, калібрахоа, сланечнікаў і іншых.

На стратэгічных пунктах уздоўж маршруту Святога Айца ўсталююць 30 кветкавых пірамід і вялікіх вазонаў, а ў некаторых парках і на плошчах з кветак выкладуць імя “Леў XIV”.

Акрамя гэтага, вуліцы горада ўпрыгожаць каля 1,6 тысячы сцяжкоў з афіцыйным дэвізам візіту “Падыміце вашыя вочы”. Лагатыпы папскага падарожжа ўжо з’явіліся на грамадскім транспарце, прыпынках і ліхтарах. Плакаты і налепкі размяшчаюць на вокнах крам, гатэляў і жылых дамоў.

“Мадрыд цалкам уцягнуты ў арганізацыю гэтага візіту: для нас гэта гонар і радасць. Мы хочам, каб Папа адчуў сябе жаданым госцем і ўбачыў глыбокія хрысціянскія карані нашага горада”, - адзначыла ў каментары для “Vatican News” віцэ-мэр Мадрыда Марыя Інмакулада Санс Атэра.

Візіт Папы Льва XIV адбываецца ў перыяд уздыму рэлігійнага жыцця ў Іспаніі. Прадстаўнікі гарадской адміністрацыі падкрэсліваюць, што апошнім часам у Мадрыдзе назіраецца значны рост цікавасці да духоўнасці, асабліва сярод моладзі, што праяўляецца ў актыўным каталіцкім маладзёжным руху і масавым удзеле ў рэлігійных цэлебрацыях.
 

31 мая 2026, 11:45