Епіскапат Мазамбіку патрабуе знайсці забойцаў біскупа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Мазамбіку звярнулася да дзяржаўных уладаў з рашучым заклікам правесці хуткае і строгае расследаванне пасля таго, як невядомыя злачынцы 5 чэрвеня 2026 года забілі сакратара епіскапату біскупа Асорыу Сітора Афонсу.
Старшыня епіскапату біскуп Інасіу Саўрэ падкрэсліў, што "гэта крывавае злачынства з’яўляецца замахам на саму місію Касцёла". На трагедыю адгукнуўся Папа Леў XIV, які выказаў глыбокі боль і запэўніў у малітве за мясцовых вернікаў у гэты час разгубленасці.
Каталіцкія пастыры настойваюць на тым, што дзяржава абавязана гарантаваць грамадскую бяспеку, бо любое прамаруджванне будзе выглядаць як саўдзел у гвалце. Біскуп Афонсу, які загінуў ад агнястрэльных раненняў, да апошняга служыў свайму народу. Нават у дзень смерці ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі для сотні вернікаў у парафіі святога Юзафа Рамесніка і сустракаўся з мусульманскімі лідарамі, заклікаючы да павагі. Мясцовыя крыніцы лічаць напад помстай радыкалаў за яго імкненне да мірнага суіснавання.
Мазамбік з 2017 года перажывае ўнутраны ўзброены канфлікт, справакаваны ісламскімі джыхадзістамі дзеля кантролю над багатымі радовішчамі золата, дыяментаў і нафты. Найбольш крытычная сітуацыя назіраецца ў правінцыі Кабу-Дэлгаду, адкуль былі вымушаны збегчы больш за 1,3 мільёна жыхароў.
Яшчэ ў сярэдзіне мая 2026 года забіты пастыр звяртаўся да міжнароднай супольнасці: "Мы просім свет аб малітве, не забывайце пра нас!". Ён сведчыў, што радыкалы знішчаюць дамы і тэрарызуюць мірнае насельніцтва.
Сёння, 12 чэрвеня 2026 года, у катэдры Кэліманэ пройдзе пахавальная літургія, якую ўзначаліць апостальскі нунцый арцыбіскуп Луіс Мігель Муньяс Кардаба. Пасля заканчэння набажэнства труна з целам спачылага іерарха будзе перавезена ў яго родную Нампулу для пахавання.