Пошук

Разбураны ісламістамі касцёл святога Людовіка Марыі Грыньён дэ Манфора ў правінцыі Каба-Дэльгада Разбураны ісламістамі касцёл святога Людовіка Марыі Грыньён дэ Манфора ў правінцыі Каба-Дэльгада 

Тэрор у Мазамбіку: біскуп асуджае напады

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Мазамбіка асудзіў тэрарыстычныя напады на каталіцкія місіі ў Каба-Дэльгада, заклікаючы спыніць хвалю насілля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Інасіа Саурэ ў інтэрв'ю “Vatican News” назваў варварскім мэтанакіраванае знішчэнне рэлігійнай інфраструктуры. Іерарх папярэдзіў пра сур'ёзную небяспеку далейшай эскалацыі крывавага канфлікту ў краіне.

Чарговы акт агрэсіі адбыўся 30 красавіка 2026 года. Узброеныя групоўкі, імаверна звязаныя з тэрарыстычнай "Ісламскай дзяржавай", атакавалі горад Меза. Яны дашчэнту спалілі парафіяльны касцёл, сакратарыят, рэзідэнцыю святароў і каталіцкі дзіцячы садок, заснаваныя яшчэ ў 1946 годзе ў дыяцэзіі Пемба. Нападнікі таксама адкрыта пакідалі пасланні з нянавісцю да хрысціян.

У адказ арцыбіскуп заклікаў не паддавацца на правакацыі і не дапускаць узнікнення ісламафобіі, нагадаўшы, што мусульмане з'яўляюцца братамі і сёстрамі. Паводле яго слоў, хрысціяне Мазамбіка традыцыйна выступаюць за мірнае суіснаванне, бо Бог ёсць Богам любові, а не варожасці.

Згодна з касцельнымі данымі, з пачатку хвалі насілля ў 2017 годзе ў правінцыі Каба-Дэльгада было знішчана ўжо больш за 100 каталіцкіх касцёлаў і капліц.

Гэты рэгіён з'яўляецца адным з самых бедных у краіне, хоць мае багатыя радовішчы прыроднага газу і іншых сыравінных рэсурсаў, што толькі абвастрае цяперашні канфлікт. Паводле даных агенцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах бежанцаў, толькі ў 2025 годзе адсюль былі вымушаны ўцякаць больш за 110 000 мясцовых жыхароў.
 

05 мая 2026, 10:59