Пошук

Санктуарый Маці Божай Пампейскай Санктуарый Маці Божай Пампейскай 

Папа Леў XIV едзе ў Пампеі маліцца аб міры

Дакладна ў 1-ю гадавіну свайго абрання, 8 мая 2026 года, Леў XIV здзейсніць 6-гадзінны візіт у Пампеі, каб памаліцца аб міры і сустрэцца з беднымі ў славутым марыйным санктуарыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сімвалічнае падарожжа Пантыфіка на поўдзень Італіі бярэ свой пачатак яшчэ ў дзень з'яўлення белага дыму. Тады ў сваіх самых першых словах ён згадаў пра малітву да Маці Божай Пампейскай, чым адразу прадэманстраваў глыбокае марыйнае сэрца.

Арцыбіскуп Тамаза Капута, які ў пятніцу сустрэне Святога Айца, адзначае, што гэты санктуарый нездарма называюць "парафіяй свету" з прычыны вялізнай колькасці пілігрымаў.

Святыня міру і адзінства

На фасадзе базілікі высечана слова "Pax". Як распавядае арцыбіскуп Капута, 125 гадоў таму, 5 мая 1901 года, заснавальнік санктуарыя святы Бартала Лонга хацеў, каб гэты манументальны твор быў прысвечаны паўсюднаму міру.

Менавіта перад гэтым храмам Пантыфік адправіць святую Імшу і прачытае малітву да Маці Божай Ружанцовай, просячы аб спыненні войнаў і адзінстве Касцёла. Візіт таксама супадае з 150-й гадавінай асвячэння вуглавога каменя святыні.

Паводле слоў мясцовага іерарха, разам з Папам вернікі будуць шчыра маліць Каралеву Міру аб тым, каб зброя нарэшце была складзена. Дарэчы, калі год таму ішоў канклаў, у Пампеях бесперапынна маліліся на Ружанцы ў інтэнцыі выбараў новага Наступніка Пятра.

Клопат пра самых безабаронных

Праграма знаходжання ўключае сустрэчы з хворымі, пажылымі і людзьмі з інваліднасцю. Святы Айцец таксама наведае цэнтры дапамогі пры санктуарыі, каб абняць тых самых бедных, якім ён прысвяціў свой першы дакумент "Dilexi te". У планах значыцца і малітва ля магілы Бартала Лонга – вялікага энтузіяста Ружанца, якога Леў XIV кананізаваў у кастрычніку 2025 года.

Жыццё святога заснавальніка з'яўляецца яскравым прыкладам таго, як малітва павінна спалучацца з учынкамі міласэрнасці. Разам з жонкай Мар'янай ён стварыў у Пампеях прытулак для дзяўчат і інстытут для дзяцей зняволеных.

У інтэрв’ю “Avvenire” арцыбіскуп Капута згадвае кранальную гісторыю: першым выхаванцам гэтага інстытута стаў сын забойцы Даменіка Пулана, які пазней паступіў у семінарыю і стаў святаром, даказваючы, што сапраўдная любоў здольная перамяніць любы лёс.
 

05 мая 2026, 10:26