Пошук

Марыйны санктуарый у Пампеях Марыйны санктуарый у Пампеях 

Душпастырскі візіт Льва XIV ў Пампеі і Неапаль: праграма

8 мая 2026 года – у першую гадавіну свайго абрання на Пасад святога Пятра – Леў XIV адправіцца з душпастырскім візітам у Пампеі і Неапаль. У праграме падарожжа - шэраг сустрэч з вернікамі, святая Імша ў пампейскім санктуарыі Маці Божай Ружанцовай, а таксама прысвячэнне Неапаля Багародзіцы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік прыбудзе ў Пампеі на верталёце ў 8:50 раніцы. Яго сустрэнуць прадстаўнікі грамадзянскай улады і мясцовага Касцёла, у тым ліку арцыбіскуп Тамаза Капута, прэфект і мэр Неапаля, мясцовыя ўлады.

Пампеі: Імша і малітва да Маці Божай Ружанцовай

Адразу пасля прылёту Леў XIV сустрэнецца з людзьмі, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах і атрымліваюць дапамогу ў дабрачынных цэнтрах марыйнага санктуарыя.

Затым на аўтамабілі ён накіруецца на плошчу Бартала Лонга, дзе ў 9:45 адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пантыфік прывітае хворых, людзей з інваліднасцю і пажылых вернікаў, якія будуць удзельнічаць у адарацыі.

У 10:00 Папа ўшануе святога Бартала Лонга, заснавальніка санктуарыя, наведаўшы капліцу, у якой ён пахаваны. Там жа пройдзе сустрэча з біскупамі і святарамі.

У 10:30 на плошчы Бартала Лонга адбудзецца ўрачыстая Эўхарыстыя з удзелам Святога Айца. Яна будзе трансліравацца на вялікіх экранах для тысяч вернікаў, якія збяруцца на навакольных вуліцах.

Апоўдні Папа прыме ўдзел у традыцыйнай малітве да Маці Божай Ружанцовай Пампейскай.

Неапаль: катэдра, сустрэча з гараджанамі і прысвячэнне Марыі

У 15:00 Леў XIV адправіцца на верталёце ў Неапаль, дзе яго чакае другая частка насычанай праграмы. Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі Касцёла і грамадзянскімі ўладамі, Святы Айцец накіруецца ў катэдру, дзе здзейсніць прыватную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцы святога Януарыя. Пасля гэтага ён перайдзе да галоўнага алтара з рэліквіямі святога заступніка горада, дзе памоліцца, звернецца да прысутных з прамовай і ўдзяліць ім апостальскае благаслаўленне.

У 16:45 Пантыфік накіруецца да плошчы Плебісцыта, дзе адбудзецца сустрэча з вернікамі. Пасля гэтага ён наведае базіліку святога Францішка дзі Паола, дзе прывітае супольнасць мінімаў і прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

У 17:30 адбудзецца сустрэча Папы з неапалітанцамі, падчас якой ён звернецца да іх з прамовай. Прагучаць сведчанні і музычныя творы ў выкананні моладзі і касцёльных калектываў. Напрыканцы сустрэчы Леў XIV здзейсніць акт прысвячэння горада Найсвяцейшай Панне Марыі перад абразом Беззаганнага Зачацця, які стварыў ксёндз Плачыда Бакер. Абраз будзе вынесены на плошчу Плебісцыта з нагоды 200-годдзя яго каранацыі.

Пасля гэтага Папа ўдзяліць гораду апостальскае благаслаўленне і вернецца на верталёце ў Ватыкан.
 

23 красавіка 2026, 15:07