Кардынал Жан-Поль Веско з Львом XIV у катэдры Алжыра Кардынал Жан-Поль Веско з Львом XIV у катэдры Алжыра  (ANSA)

Брат сярод братоў: кардынал пра вынікі візіту Льва XIV у Алжыр

Падарожжа Пантыфіка стала часам духоўнай сяўбы, плён якой яшчэ наперадзе. Кардынал Жан-Поль Веско падвёў вынікі знакавага візіту Льва XIV у Алжыр.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Алжыра ў каментары для “Vatican News” падкрэсліў, што Пантыфік быў прыняты вельмі цёпла, хоць гэта і не было відавочным для краіны з мусульманскай большасцю. Усім бакам вельмі залежала на тым, каб візіт прайшоў паспяхова, і гэтае жаданне сустрэла станоўчы водгук у грамадстве. Паводле слоў іерарха, Папа прыбыў як брат да братоў, наведаўшы малую каталіцкую супольнасць, якая жыве ў асяроддзі вернікаў іншай рэлігіі.

Найбольш моцным вобразам, які застанецца ў памяці алжырцаў, кардынал Веско лічыць візіт Льва XIV у Вялікую мячэць у Алжыры. Пантыфік і імам, абодва ў белым адзенні, босымі ў поўным маўчанні ішлі праз мусульманскую святыню. Гэты жэст меў магутную сімвалічную сілу і дакладна адлюстраваў рэальнасць жыцця Касцёла ў гэтым рэгіёне, дзе дыялог адбываецца не толькі на словах, але і праз супольную прысутнасць.

Яшчэ адным важным момантам стала прамова Папы каля помніка пакутнікам. Леў XIV закрануў тэмы балючага мінулага і памяці, але адначасова заклікаў да прабачэння, неабходнага для руху наперад. Кардынал Веско адзначыў, што Пантыфіку ўдалося знайсці такія словы, якія былі з разуменнем прынятыя алжырцамі.

Паводле меркавання арцыбіскупа Алжыра, самыя цікавыя наступствы падарожжа выявяцца пазней. Ён лічыць, што зараз адбылася важная сяўба, і цяпер застаецца назіраць, якія высновы будуць зроблены з пачутых слоў і ўбачаных жэстаў.
 

15 красавіка 2026, 10:39