Леў XIV да Касцёла ў Алжыры: заставайцеся на гэтай зямлі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Заключным пунктам праграмы візіту Льва XIV у Алжыр стала святая Імша, якую ён цэлебраваў 14 красавіка 2026 года ў Базіліцы святога Аўгустына ў Анабе. У гаміліі ён заклікаў мясцовых католікаў заставацца моцнымі ў веры і заўсёды “нараджацца нанова ў Богу”, што з’яўляецца “місіяй для ўсяго Касцёла, а значыць, і для хрысціянскай супольнасці Алжыра”.
“Дарагія хрысціяне Алжыра, заставайцеся на гэтай зямлі як пакорны і верны знак любові Хрыста. Сведчыце Евангелле простымі жэстамі, сапраўднымі адносінамі і дыялогам, які вядзецца дзень за днём: так вы будзеце несці смак і святло туды, дзе жывяце”, - сказаў Папа.
Пантыфік параўнаў каталіцкую супольнасць у Алжыры з кадзілам, “якое распаўсюджвае водар, бо аддае хвалу Пану і прыносіць радасць і суцяшэнне многім братам і сёстрам”. Ён падкрэсліў, што гэта “маленькі, але каштоўны элемент, які не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, але запрашае нас звярнуць свае сэрцы да Бога, падтрымліваючы адзін аднаго ў вытрываласці перад цяжкасцямі гэтага часу”.
Святы Айцец заклікаў мясцовых католікаў натхняцца прыкладам першых хрысціян, жыццё якіх апісана ў кнізе Дзеяў Апосталаў. У першую чаргу ён адзначыў важнасць захавання духоўнага адзінства – быцця “супольнасцю сэрцаў, якія б’юцца разам, бо з’яднаныя з сэрцам Хрыста”. Папа пажадаў, каб еднасць алжырскіх католікаў грунтавалася на “гармоніі ў веры, пачуццях, ідэях, жыццёвых рашэннях, у цэнтры якіх знаходзіцца любоў Бога, які стаў чалавекам дзеля збаўлення ўсіх народаў зямлі”.
“Вера ў адзінага Бога, Пана неба і зямлі, яднае людзей згодна з дасканалай справядлівасцю, якая заклікае ўсіх да любові – гэта значыць заклікае любіць кожнае стварэнне той любоўю, якую Бог нам дорыць у Хрысце. Таму, асабліва перад абліччам нястачы і прыгнёту, фундаментальным кодам хрысціян ёсць любоў: мы робім іншым тое, што хочам, каб рабілі нам. Натхнёны гэтым законам, які Бог упісаў у сэрцы, Касцёл заўсёды нараджаецца нанова, бо там, дзе пануе адчай, ён запальвае надзею, дзе пануе галеча, ён нясе годнасць, дзе пануе канфлікт, ён нясе прымірэнне”, - падкрэсліў Леў XIV.
“Ваша гісторыя складаецца з шчодрага гасцінства і стойкасці ў выпрабаваннях: тут маліліся мучанікі, тут святы Аўгустын любіў сваю паству, шукаючы праўду з запалам і служачы Хрысту з палымянай верай. Будзьце спадкаемцамі гэтай традыцыі, сведчачы ў братэрскай любові пра свабоду тых, хто нараджаецца нанова, як пра надзею на збаўленне для свету”, - заклікаў напрыканцы гаміліі Пантыфік.
