Папа прыняў адстаўку кардынала Сако: завяршэнне цэлай эпохі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтае афіцыйнае рашэнне падводзіць рысу пад самаадданым і мужным перыядам у жыцці Халдэйскай Каталіцкай Царквы. Кардынал Сако, які ўзначаліў Патрыярхат у 2013 годзе, стаў сапраўдным сімвалам нязломнасці іракскіх хрысціян у часы найцяжэйшых выпрабаванняў – ад крывавых тэрарыстычных нападаў да сістэматычнага пераследу вернікаў.
Яго сыход на спачын адбываецца ў адпаведнасці з касцельным правам, якое прадугледжвае складанне паўнамоцтваў пры дасягненні вызначанага ўзросту.
Адным з найважнейшых плёнаў яго працы стала арганізацыя гістарычнага падарожжа Папы Францішка ў Ірак у 2021 годзе, што стала магутным знакам надзеі для ўсяго рэгіёна.
Патрыярх заўсёды нястомна змагаўся за грамадзянскую роўнасць хрысціян, настойваючы, каб яны былі паўнапраўнымі сынамі сваёй Бацькаўшчыны, а не проста меншасцю, з якой не лічацца. Яго адвага асабліва яскрава выявілася ў непрымірымай крытыцы карупцыі, праз якую ён нават быў вымушаны часова перанесці сваю рэзідэнцыю з Багдада ў Курдыстан у знак пратэсту супраць уціску Царквы.
Падчас свайго патрыяршага служэння Луіс Рафаэль Сако таксама здзейсніў глыбокія літургічныя рэформы, імкнучыся зрабіць велічныя халдэйскія абрады блізкімі і зразумелымі для сучасных вернікаў.
Цяпер, згодна з традыцыяй Усходніх Цэркваў, Сінод павінен сабрацца на малітву і нараду, каб абраць новага Патрыярха, які прыме адказнасць за лёс гэтай шматпакутнай супольнасці ў новыя часы. Выбар павінен зацвердзіць Пантыфік.