Кардынал Сако сыходзіць: развітальнае пасланне Патрыярха
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля таго як Папа Леў XIV 10 сакавіка 2026 года прыняў прашэнне кардынала аб адстаўцы, іерарх выступіў з асабістым зваротам, каб пазбегнуць непаразуменняў. Ён падкрэсліў, што прыняў гэтае рашэнне па ўласнай волі і без ніякага прымусу, каб прысвяціць сябе малітве, пісьменніцкай дзейнасці і служэнню.
Кардынал адзначае, што ўзначальваў Халдэйскую Царкву ў надзвычай цяжкіх умовах, што суправаджаліся сур’ёзнымі выклікамі. Нягледзячы на гэта, яму ўдалося захаваць адзінства касцельных інстытутаў і прыкласці максімум намаганняў для абароны правоў хрысціян і ўсіх іракцаў як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Іерарх падкрэслівае, што 13 гадоў яго патрыяршаства сталі часам любячага пастырскага клопату і сталасці.
Гаворачы пра будучыню, кардынал Сако выказаў надзею на тое, што кіраўніцтва Халдэйскай Царквой будзе даверана іерарху, які валодае глыбокай тэалагічнай культурай, мужнасцю, мудрасцю, пачуццём гумару, а таксама імкненнем да абнаўлення і дыялогу. Кардынал запэўніў, што будзе паважаць свайго пераемніка і ніколі не будзе ўмешвацца ў яго працу.
Сваім сапраўдным багаццем іерарх называе 45 выдадзеных кніг, шматлікія артыкулы і гады адданага служэння. Завяршаючы ліст, ён выказвае падзяку сям’і, святарам, памочнікам і ўсім, з кім працаваў у Масуле, Кіркуку і Багдадзе, якіх лічыць сваёй сапраўднай сям’ёй.