Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Хваля навяртанняў: новы твар французскіх семінарый

Французскія семінарыі рыхтуюцца да прыёму новай хвалі выхаванцаў – маладых людзей, якія прынялі каталіцкую веру зусім нядаўна і вызначаюцца асаблівай рашучасцю ў сваім выбары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францыя назірае небывалы ўздым цікавасці да каталіцтва сярод маладых людзей. Калі ў мінулым годзе хрост прынялі 17,8 тысячы дарослых і падлеткаў, то сёлета іх колькасць, як чакаецца, перавысіць 20 тысяч. Гэты працэс непасрэдна ўплывае на духоўныя навучальныя ўстановы: усё больш неафітаў заяўляюць пра жаданне стаць святарамі.

Паводле дзеючых нормаў “Ratio studiorum”, яны павінны чакаць як мінімум два гады пасля хросту, перш чым пачаць навучанне, таму пакуль дзве трэці семінарыстаў паходзяць з традыцыйных каталіцкіх сем’яў, але сітуацыя імкліва змяняецца.

Паміж шчырым парывам і рэальнасцю: духоўнае распазнанне на фоне неафіцкага запалу

Рэктары семінарый, якія нядаўна сустракаліся ў Парыжы, адзначаюць, што сучасныя новаахрышчаныя значна больш актыўныя і руплівыя ў практыкаванні веры, чым катэхумены дзесяцігадовай даўніны. Ксёндз Тама Пусье, рэктар семінарыі ў Экс-ан-Правансе, заўважае ў размове з выданнем “La Croix”, што ў гэтых маладых людзях адбываецца “нешта асаблівае” – яны прагнуць радыкальнасці і абсалюту.

Аднак гэты імпэт часам сутыкаецца з недастатковым разуменнем сутнасці паклікання. Ксёндз Жульен Дзюпон тлумачыць гэта жаданнем цалкам прысвяціць жыццё Богу, якое не заўсёды суправаджаецца веданнем касцельных канонаў і рэалій манаскага ці святарскага жыцця.

Новая вясна ў старых мурах: маладыя манахі вяртаюць надзею старажытным абацтвам

Адраджэнне назіраецца і ў старажытных манаскіх мурах. Тыднёвік “Famille Chrétienne” апісвае сітуацыю ў абацтве трапістаў у Там’е, дзе пасля доўгага перапынку з’явіліся тры пастуланты і адзін навіцый. Усе яны выраслі ў нехрысціянскім асяроддзі і перажылі навяртанне зусім нядаўна.

Брат Гаэль з манастыра ў Там’е, дзе сярэдні ўзрост братоў перавышае 70 гадоў, называе прыход моладзі “новым пачаткам”. Для гэтых маладых людзей манаскае жыццё – гэта спосаб захаваць тую хрысціянскую свабоду, якую яны атрымалі падчас хросту, каб не вярнуцца да ранейшага жыцця. Французскі трапіст перакананы, што тут “ініцыятыва паходзіць у першую чаргу ад Бога”.
 

09 сакавіка 2026, 11:02