Касцёл у Францыі: надзея на выйсце з крызісу пакліканняў
Ян Глінскі
Сёлета павялічылася і колькасць заявак на прапедэўтычны год у семінарыі, - чытаем на старонках каталіцкага штотыднёвіка “Famille Chrétienne”.
Па ўсёй краіне колькасць набору на першы год фармацыі павялічылася на 25 працэнтаў. Аднак ёсць дыяцэзіі, дзе гэтая тэндэнцыя больш эфектная. У архідыяцэзіі Рэна, напрыклад, дакументы склалі 19 кандыдатаў, у параўнанні з чатырма кандыдатамі год таму. “Гэта рост амаль на 400 працэнтаў”, - адзначыў ксёндз Аліўе Руа, настаяцель дома святога Шарля дэ Фуко, дзе выхоўваюцца будучыя семінарысты. У Экс-ан-Правансе фармацыю пачалі 15 чалавек, у параўнанні з дзесяццю кандыдатамі годам раней.
Прапедэўтычны год з’яўляецца ў Францыі абавязковым этапам падрыхтоўкі да святарства, падобным да навіцыяту ў рэлігійных кангрэгацыях. Гэты час прысвечаны распазнанню свайго паклікання і паглыбленню адносінаў з Богам.
Як адзначыў у інтэрв’ю для выдання ксёндз Рэмі Піньяля, адказны за душпастырства пакліканняў у Францыі, няпроста вызначыць прычыну росту пакліканняў. Па словах святара, станоўчым стымулам мог стаць Юбілей моладзі, бо ў мінулым Сусветныя дні моладзі заўсёды аказвалі ўплыў на рост пакліканняў. Іншым магчымым фактарам з’яўляецца абранне новага Папы або “эфект Льва”. Акрамя гэтага душпастыр указаў і на глыбокія змены ў самім грамадстве: людзі ў Францыі ўсё часцей шукаюць сэнсу і адносін з Богам.
Ксёндз Даміен Этэмад-Задэ, адказны за прапедэўтычны год у Экс-ан-Правансе, у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што павелічэнне колькасці катэхуменаў і павелічэнне колькасці кандыдатаў у святарства – гэта паралельныя з’явы. Маладыя людзі, якія вярнуліся ў Касцёл, перажылі навяртанне, нярэдка пасля цяжкага жыццёвага досведу, не могуць адразу быць прынятыя ў семінарыю. Ім рэкамендуецца пачакаць прынамсі два гады, каб паглыбіць сваю веру і пазнаць Касцёл.