Пошук

Арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш Арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш  (AFP or licensors)

Напады на парыжскія касцёлы: рэакцыя арцыбіскупа

Арцыбіскуп Парыжа выказаў салідарнасць з вернікамі пасля актаў вандалізму ў сталічных храмах і заклікаў улады да больш пільнай аховы месцаў малітвы і рэлігійных каштоўнасцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш запэўніў у сваіх малітвах і духоўнай блізкасці супольнасці парафій святога Вінцэнта дэ Поля і святога Роха. Як паведамляе профіль архідыяцэзіі ў сацыяльнай сетцы “X”, іерарх падзяліў боль і абурэнне ўсіх, хто пацярпеў ад нядаўніх выпадкаў у французскай сталіцы.

Ульрыш падкрэсліў неабходнасць забеспячэння належнай аховы для касцёлаў. Ён выказаў давер да працы паліцыі, якая супрацоўнічае з парафіямі дзеля абароны жыцця людзей, шэдэўраў мастацтва і рэлігійных каштоўнасцей.

Іерарх заклікаў вернікаў працягваць наведваць храмы, трымаць іх дзверы адчыненымі і спакойна сведчыць пра сваю веру, асабліва ў перыяд Вялікага посту.

З касцёла святога Вінцэнта дэ Поля былі выкрадзеныя рэліквіі патрона. Паліцыя не выключае, што гэта справа рук злачыннай групоўкі. Тым часам у касцёле святога Роха адбылося абрыванне фрагмента карніза фасада. Дзякуючы аператыўным дзеянням пажарных, ніхто не пацярпеў, а тэрыторыя была аператыўна ўпарадкаваная.

Рэстаўрацыя фасада “святога Роха”, праведзеная ў 2001 годзе, не выратавала сітуацыю. Такога роду інцыдэнты здараліся раней у касцёлах святога Паўла, святога Мэдэрыка і святога Аўгусціна. Паколькі згодна з законам ад 1905 года, большасць гістарычных будынкаў з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, адказнасць за іх тэхнічны стан размяркоўваецца паміж уладамі і касцельнымі структурамі.
 

11 сакавіка 2026, 09:08