Напады на парыжскія касцёлы: рэакцыя арцыбіскупа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш запэўніў у сваіх малітвах і духоўнай блізкасці супольнасці парафій святога Вінцэнта дэ Поля і святога Роха. Як паведамляе профіль архідыяцэзіі ў сацыяльнай сетцы “X”, іерарх падзяліў боль і абурэнне ўсіх, хто пацярпеў ад нядаўніх выпадкаў у французскай сталіцы.
Ульрыш падкрэсліў неабходнасць забеспячэння належнай аховы для касцёлаў. Ён выказаў давер да працы паліцыі, якая супрацоўнічае з парафіямі дзеля абароны жыцця людзей, шэдэўраў мастацтва і рэлігійных каштоўнасцей.
З касцёла святога Вінцэнта дэ Поля былі выкрадзеныя рэліквіі патрона. Паліцыя не выключае, што гэта справа рук злачыннай групоўкі. Тым часам у касцёле святога Роха адбылося абрыванне фрагмента карніза фасада. Дзякуючы аператыўным дзеянням пажарных, ніхто не пацярпеў, а тэрыторыя была аператыўна ўпарадкаваная.
Рэстаўрацыя фасада “святога Роха”, праведзеная ў 2001 годзе, не выратавала сітуацыю. Такога роду інцыдэнты здараліся раней у касцёлах святога Паўла, святога Мэдэрыка і святога Аўгусціна. Паколькі згодна з законам ад 1905 года, большасць гістарычных будынкаў з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, адказнасць за іх тэхнічны стан размяркоўваецца паміж уладамі і касцельнымі структурамі.