Пошук

Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI 

Невядомыя казанні Бэнэдыкта XVI: тры новыя тамы ўбачаць свет

Арцыбіскуп Георг Генсвайн анансаваў выхад трох новых кніг з неапублікаванымі казаннямі Бэнэдыкта XVI, якія запісваліся патаемна ад самога Папы, каб захаваць яго духоўную спадчыну.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Шматгадовы асабісты сакратар памерлага Пантыфіка арцыбіскуп Георг Генсвайн падзяліўся планамі па выданні ўнікальных матэрыялаў. Пасля нядаўняга выхаду тэкстаў на Вялікі пост і Вялікдзень, выдавецтва "Herder" рыхтуе да друку другі том, прысвечаны Адвэнту і Нараджэнню Пана. У размове з каталіцкім парталам "domradio.de" іерарх адзначыў, што пасля гэтага пабачаць свет яшчэ два тамы з казаннямі на звычайныя нядзелі года.

Першы том гэтай серыі пад назвай "Пан трымае нас за руку" ўжо пазнаёміў вернікаў з думкамі Папы, якія ён выказваў не толькі падчас свайго Пантыфікату ў 2005-2013 гадах, але і ў першыя гады пасля сыходу, звяртаючыся да невялікіх груп вернікаў.

Асаблівую цікавасць выклікае гісторыя з’яўлення гэтых тэкстаў. Як прызнаўся арцыбіскуп Генсвайн, які з 2024 года з’яўляецца апостальскім нунцыем у краінах Балтыі, сам Бэнэдыкт XVI не ведаў, што яго казанні запісваюцца. Сакратар наўмысна не пытаўся дазволу ў Пантыфіка, баючыся адмовы. Такім чынам, дзякуючы гэтай "стратэгічнай" асцярожнасці, вернікі і навукоўцы атрымалі доступ да глыбокіх тэалагічных разважанняў, якія маглі застацца толькі ва ўспамінах прысутных.

Выхад чарговага тома чакаецца ўжо восенню 2026 года, што стане важнай падзеяй для ўсіх, хто шануе інтэлектуальную і малітоўную спадчыну Бэнэдыкта XVI, які адышоў у вечнасць у апошні дзень 2022 года.
 

03 сакавіка 2026, 09:33