Пошук

Арцыбіскуп Дамінік-Мары Давід Арцыбіскуп Дамінік-Мары Давід 

Арцыбіскуп Манака: візіт Папы дапаможа распазнаць нябачную беднасць

Напярэдадні апостальскага падарожжа Льва XIV у Княства Манака арцыбіскуп Дамінік-Мары Давід даў інтэрв’ю, у якім падкрэсліў, што матэрыяльнае багацтва часта хавае глыбокую адзіноту і крызіс сэнсу жыцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ арцыбіскуп Давід адзначыў, што за блескам гламура, яхт і раскошных прыёмаў, хаваюцца ўніверсальныя чалавечыя слабасці і нябачныя праблемы, такія як адзінота, сямейныя цяжкасці і экзістэнцыяльныя сумневы, якія дапаможа асвятліць візіт Папы.

Мультыкультурнае грамадства

Іерарх падзяліўся асабістымі ўражаннямі: калі ён прыбыў у Манака ў якасці арцыбіскупа шэсць гадоў таму, яго здзівіла тое, што ў такой маленькай дзяржаве - усяго два квадратныя кіламетры - суіснуюць вельмі розныя рэальнасці. У Княстве прадстаўлены амаль 150 нацыянальнасцей. Арцыбіскуп Давід назваў “карыкатурным” распаўсюджаны вобраз княства як горада раскошы, падкрэсліўшы, што сапраўднае багацце Манака – гэта вялікая разнастайнасць паходжання яго жыхароў. Візіт Льва XIV мае ўніверсальнае значэнне, бо дасць яму магчымасць звярнуцца да ўсяго свету.

Нябачныя формы беднасці

Па словах арцыбіскупа Манака, у краіне існуюць розныя формы беднасці: матэрыяльная, сацыяльная, духоўная і культурная. Матэрыяльная беднасць часам схаваная і непрыкметная. Шмат людзей, якія працуюць у княстве і ўносяць свой уклад у яго дабрабыт, жывуць у складаных умовах, асабліва ў тым, што тычыцца жылля і кошту жыцця. Але ёсць і іншыя формы беднасці – адзінота і крызіс сэнсу жыцця. Калі чалавек мае пэўны матэрыяльны дабрабыт, з’яўляюцца іншыя пытанні: які сэнс надаць свайму існаванню? Нярэдка можна сустрэць людзей, якія пакутуюць ад адзіноты. Разгубленасць бацькоў, сямейныя разлады і драмы здзіўляюць нават мацней, бо жыццё тут здаецца лёгкім. Задача Касцёла – заўважаць гэтыя схававаныя патрэбы, клапаціцца адзін пра аднаго і падтрымліваць тых, хто ў цяжкай сітуацыі, нават калі праблемы не заўсёды бачныя.

Княства Манака
Княства Манака   (Diego Delso)

Роля і місія Касцёла

Іерарх заўважыў, што ў Манака моцна развітая салідарнасць: многія дабрачынныя арганізацыі і Касцёл дапамагаюць дзецям, сем’ям, пажылым і хворым. Ідэя складаецца ў тым, каб клапаціцца адзін пра аднаго і сведчыць Евангелле тым, хто мае патрэбу, а не проста жыць у краіне, якая прапануе высокую якасць жыцця і пэўную бяспеку.

Арцыбіскуп Давід падкрэсліў, што Касцёл не выбірае аўдыторыю – ён звяртаецца да ўсіх. Нягледзячы на тое, што плён яго слоў цяжка вымераць, многія людзі з часам прымаюць іх у сэрцы, адкрываючыся на змены і накіроўваючы сваё жыццё да іншых. Пра гэта сведчыць таксама рост колькасці людзей, якія жадаюць прыняць хрост або аднавіць сувязь з Касцёлам

У Манака, дзе каталіцтва з'яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй, многія чакаюць ад біскупа толькі духоўных прамоў. Аднак вера – гэта не толькі культурная ці гістарычная спадчына, але і адказнасць, якая ўплывае на наш лад жыцця, адносіны да іншых, асабліва да бедных. Вера цягне за сабой наступствы і патрабуе сапраўднай жыццёвай паслядоўнасці, як вучыць Евангелле, - нагадаў арцыбіскуп Давід.

Калі б трэба было абагульніць місію Касцёла ў Манака з дапамогай евангельскага вобраза, іерарх абраў бы два вобраза: згубленую авечку, каб дасягнуць нават тых, хто здаецца далёкім, і Закхея, каб паказаць, што кожны чалавек можа адкрыць радасць і прыгажосць Евангелля.

24 сакавіка 2026, 13:08