Папа Леў XIV падчас візіту ў Турцыю Папа Леў XIV падчас візіту ў Турцыю 

Маршруты надзеі: дыяцэзіі свету чакаюць Льва XIV

Навіна пра сёлетнія апостальскія падарожжы Льва XIV у Манака, Іспанію і Афрыку выклікала маштабную хвалю радасці і духоўнай падрыхтоўкі ў мясцовых Касцёлах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Афіцыйнае пацвярджэнне маршрутаў Наступніка Пятра стала цэнтральнай тэмай для каталіцкіх супольнасцей на двух кантынентах. Дыяцэзіі ад Барселоны да Луанды ўжо апублікавалі свае звароты, падкрэсліваючы важнасць гэтых сустрэч для ўмацавання веры і сведчання касцельнага адзінства.

Манака рыхтуецца да гістарычнай сустрэчы з Пантыфікам, якая падкрэсліць стагоддзі вернасці Касцёлу

Манака стане адным з ключавых пунктаў падарожжа. 28 сакавіка 2026 года Леў XIV здзейсніць гістарычны візіт у Княства – першы прыезд Пантыфіка на гэтую зямлю ў гісторыі. Паездка будзе мець як дзяржаўны, так і душпастырскі характар.

Прыватная аўдыенцыя для князя Альберта II, якая адбылася ў студзені 2026 года ў Ватыкане, заклала падмурак для гэтага запрашэння, якое пацвярджае даўнія і даверлівыя сувязі паміж дынастыяй Грымальдзі і Апостальскай Сталіцай.

Дыяцэзія Манака нагадвае, што каталіцтва з’яўляецца тут дзяржаўнай рэлігіяй, а сувязі паміж дзяржавамі сягаюць 1887 года. Папскі візіт адбудзецца напярэдадні Пальмовай нядзелі і стане сімвалам супольных каштоўнасцей: абароны чалавечага жыцця, інтэгральнай экалогіі і развіцця спорту як гуманітарнай місіі. Падзея будзе папярэднічаць святкаванню 140-годдзя заснавання мясцовай дыяцэзіі, якое прыпадае на 2027 год.

Малітва і сведчанне становяцца галоўнымі арыенцірамі для вернікаў Барселоны і Мадрыда

У каталіцкім асяроддзі Барселоны навіна пра візіт выклікала сапраўдны ўздым. Мсцовая архідыяцэзія ў сваім паведамленні падкрэслівае, што прысутнасць Льва XIV на іспанскай зямлі – гэта не проста афіцыйны візіт, а моцны душпастырскіі імпульс. Мясцовы Касцёл праз свае камунікацыйныя каналы ўжо пачаў рыхтаваць вернікаў да гэтай сустрэчы, акцэнтуючы ўвагу на духоўным значэнні кожнага этапу падарожжа.

Мадрыдская архідыяцэзія таксама дэманструе высокую матываванасць. У яе заяве адзначаецца, што прыезд Святога Айца – гэта час асаблівай ласкі і магчымасць для абнаўлення хрысціянскага сведчання. Гучыць заклік да кожнай парафіі і супольнасці далучыцца да малітоўнай падрыхтоўкі, каб сустрэча з Пантыфікам прынесла багатыя духоўныя плёны.

Афрыканскія іерархі бачаць у візіце Святога Айца не пратакольную падзею, а жывое пацвярджэнне таго, што іх голас пачуты

Не менш важным з’яўляецца інфармацыйны рэзананс у Паўночнай Афрыцы. Каталіцкі Касцёл у Алжыры актыўна выкарыстоўвае свае афіцыйныя каналы для асвятлення будучай падзеі. Праз серыю публікацый алжырская супольнасць рыхтуе глебу для візіту, які павінен актуалізаваць тэмы міжрэлігійнага міру і братэрства, што асабліва важна для хрысціян у гэтым рэгіёне.

Рэакцыя ў Камеруне і Анголе сведчыць пра глыбокае эмацыянальнае і духоўнае чаканне. Арцыбіскуп Яундэ Жан Мбарга ў відэазвароце падкрэсліў, што візіт Папы – гэта вялікі дар для Камеруна. У сваю чаргу, іерархі Анголы, сярод якіх арцыбіскуп Саурыма Хасэ Мануэль Імбамба і біскуп Кабінды Белміра Куіка Чысенгуэці, падчас прэс-канферэнцыі ў Луандзе адзначылі: прысутнасць Льва XIV дапамагае вернікам на месцах адчуць сябе часткай сусветнай каталіцкай сям’і, напаўняючы іх штодзённыя высілкі новым сэнсам і сацыяльнай адказнасцю.
 

26 лютага 2026, 09:17