Пошук

Леў XIV падчас сустрэчы з перуанскім епіскапатам Леў XIV падчас сустрэчы з перуанскім епіскапатам   (@Vatican Media)

Папа біскупам Перу: быць апосталамі ў сэрцы Амазоніі

Святы Айцец падтрымаў місійны шлях Касцёла ў Амазоніі, заклікаўшы пастыраў Перу падчас візіту "ad limina Apostolorum" наследаваць прастату і духоўную моц першых вучняў Хрыста.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча з Львом XIV, які да свайго абрання на Святы Пасад сам быў часткай перуанскага епіскапату, прайшла ў атмасферы глыбокага разумення і братэрства. Пантыфік звярнуўся да іерархаў з заклікам жыць "ad instar Apostolorum", што азначае "на ўзор Апосталаў". Гэты стыль, паводле слоў Папы, пранізвае шматлікія тэксты першых місіянераў на амерыканскім кантыненце і застаецца актуальным сёння.

Як паведаміў агенцтву "Fides" апостальскі вікарый Ікітаса біскуп Мігель Анхель Кадэнас Карда, візіт у Рым стаў для іх досведам, падобным да падарожжа святога Паўла ў Іерусалім. Асноўнай мэтай было пацвердзіць уласную місію і ўзмацніць сувязь мясцовых супольнасцей з верай Пятра, якую сёння прадстаўляе Леў XIV. Асаблівая ўвага надавалася васьмі апостальскім вікарыятам перуанскай Амазоніі, дзе служэнне патрабуе асаблівага падыходу і пільнасці.

Падчас асобнай размовы, якая доўжылася 45 хвілін, біскупы рэгіёна Амазоніі абмеркавалі з Пантыфікам штодзённыя выклікі і радасці сваёй працы. Леў XIV, будучы, як і біскуп Кадэнас, аўгустыніянцам, заахвоціў пастыраў працягваць шлях, акрэслены падчас Сінода па Амазоніі, застаючыся блізкімі да давераных ім людзей.

Адным з важных вынікаў сустрэчы стала абмеркаванне новага душпастырскага плана, які павінен улічваць культурную разнастайнасць рэгіёна і недахоп святароў. Біскуп Кадэнас падкрэсліў неабходнасць стварэння школы місіялогіі, бо місія – гэта неад’емная частка жыцця Касцёла. Яна патрабуе як падтрымкі звонку, так і выхавання мясцовых кадраў, здольных несці Евангелле ў спецыфічных умовах Амазоніі.
 

04 лютага 2026, 11:28