Пошук

Леў XIV заклікаў біскупаў Перу жыць па прыкладу апосталаў

30 студзеня 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане перуанскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым з візітам ad limina Apostolorum, запрасіўшы іх перадаць жыхарам краіны, што яны займаюць асаблівае месца ў яго сэрцы і малітвах.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Аўдыенцыя супала з 300-годдзем кананізацыі святога Турыбія Магравэха, якога Папа назваў духоўным заснавальнікам Касцёла ў Перу. Ён заклікаў біскупаў натхняцца гэтым святым і адказваць на сучасныя выклікі жыццём па прыкладу апосталаў (ad instar Apostolorum) – з прастатой, мужнасцю і поўным даверам да Бога.

Асаблівую ўвагу Папа надаў тэмам еднасці пастыраў і Божага народа, вернасці Евангеллю і поўнай самаадданасці служэнню, асабліва на карысць найбольш уразлівых. Ён таксама заахвоціў іх да блізкасці з людзьмі, слухання і суправаджэння кожнага на шляху веры.

Святы Айцец прызнаўся, што вельмі любіць Перу, бо бачыў там моцную веру простых людзей і моц Касцёла нягледзячы на выпрабаванні. Ён падзякаваў біскупам за іх служэнне, даручыў Касцёл у Перу апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне ўсяму перуанскаму народу.

30 студзеня 2026, 16:09