Вестмінстэр: новы пастыр заклікаў вернікаў да пакоры і сведчання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас інгрэсу ў Вестмінстэрскую катэдру, які адбыўся 14 лютага 2026 года, новы арцыбіскуп-мітрапаліт падкрэсліў, што сучасны свет мае патрэбу ў надзеі, якую нясе Евангелле.
Арцыбіскуп Мот нагадаў, што пакліканне Касцёла – гэта не імкненне да ўлады, а служэнне, заснаванае на самаахвярнасці і любові. Ён адзначыў, што евангелізацыя павінна закранаць самыя вострыя пытанні сучаснасці: абарону чалавечай годнасці, дапамогу бежанцам і клопат пра планету.
У сваёй гаміліі іерарх звярнуўся да спадчыны Бэнэдыкта XVI, нагадаўшы пра неабходнасць дыялогу паміж верай і розумам на карысць цывілізацыі. Арцыбіскуп таксама прызнаў, што памылкі вернікаў Каталіцкага Касцёла, асабліва ў адносінах да безабаронных асоб, аслабляюць яго місію, што патрабуе ад супольнасці яшчэ большай пакоры і шчырасці.
Урачыстасць пачалася з чытання апостальскага ліста Папы Льва XIV і перадачы пастарала ад кардынала Вінсэнта Нікалса. Сярод гасцей былі прадстаўнікі ўлад і іншых хрысціянскіх канфесій, у тым ліку англіканская архіепіскап Кентэрберыйскі Сара Малалі, што стала знакам гатоўнасці да далейшага экуменічнага супрацоўніцтва. Апостальскі нунцый Мігель Маўры Буэндыя перадаў прывітанне ад Святога Айца, пажадаўшы новаму пастыру плённага служэння.