Арцыбіскуп Вестмінстэрскі Чарльз Мот Арцыбіскуп Вестмінстэрскі Чарльз Мот  

Вестмінстэр: новы пастыр заклікаў вернікаў да пакоры і сведчання

Новы, дванаццаты арцыбіскуп Вестмінстэрскі Чарльз Рычард Мот урачыста ўзышоў на кафедру ў Лондане, заклікаўшы вернікаў адважна сведчыць пра Хрыста праз любоў і пакору.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас інгрэсу ў Вестмінстэрскую катэдру, які адбыўся 14 лютага 2026 года, новы арцыбіскуп-мітрапаліт падкрэсліў, што сучасны свет мае патрэбу ў надзеі, якую нясе Евангелле.

Арцыбіскуп Мот нагадаў, што пакліканне Касцёла – гэта не імкненне да ўлады, а служэнне, заснаванае на самаахвярнасці і любові. Ён адзначыў, што евангелізацыя павінна закранаць самыя вострыя пытанні сучаснасці: абарону чалавечай годнасці, дапамогу бежанцам і клопат пра планету.

Евангелізацыя вынікае з Эўхарыстыі і малітвы, а яе плён не заўсёды бачны адразу.

У сваёй гаміліі іерарх звярнуўся да спадчыны Бэнэдыкта XVI, нагадаўшы пра неабходнасць дыялогу паміж верай і розумам на карысць цывілізацыі. Арцыбіскуп таксама прызнаў, што памылкі вернікаў Каталіцкага Касцёла, асабліва ў адносінах да безабаронных асоб, аслабляюць яго місію, што патрабуе ад супольнасці яшчэ большай пакоры і шчырасці.

Арцыбіскуп Мот, вядомы сваёй працай у ваенным і турэмным душпастырстве, паабяцаў, што яго прыярытэтам будзе слуханне вернікаў.

Урачыстасць пачалася з чытання апостальскага ліста Папы Льва XIV і перадачы пастарала ад кардынала Вінсэнта Нікалса. Сярод гасцей былі прадстаўнікі ўлад і іншых хрысціянскіх канфесій, у тым ліку англіканская архіепіскап Кентэрберыйскі Сара Малалі, што стала знакам гатоўнасці да далейшага экуменічнага супрацоўніцтва. Апостальскі нунцый Мігель Маўры Буэндыя перадаў прывітанне ад Святога Айца, пажадаўшы новаму пастыру плённага служэння.

 

16 лютага 2026, 10:08