Пошук

Арцыбіскуп Бамэнды Эндру Нкеа Фуанья Арцыбіскуп Бамэнды Эндру Нкеа Фуанья  

Арцыбіскуп Фуанья: візіт Папы ў Камерун – не палітычная падзея

Папа прыбудзе ў Камерун перш за ўсё “як пасланнік міру і апостал паяднання”, - адзначыў арцыбіскуп Бамэнды Эндру Нкеа Фуанья. Святы Айцец наведае тры гістарычныя цэнтры краіны – Яўндэ, Дуалу і Бамэнду.

Ян Глінскі

Зала Друку Святога Пасаду пацвердзіла візіт Льва XIV у Камерун з 15 па 18 красавіка 2026 года. Па словах старшыні Канферэнцыі Біскупаў гэтай краіны, прыезд Святога Айца нясе вялікую надзею. Папа прыбудзе ў Камерун у той час, калі гэтая цэнтральнаафрыканская краіна перажывае перыяд вялікай няпэўнасці: паслявыбарчы крызіс, сепаратысцкія канфлікты ў паўночна-заходнім рэгіёне і тэрарыстычныя акты на поўначы.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 12 кастрычніка 2025 года ў Камеруне захоўваецца крохкая палітычная стабільнасць. Нягледзячы на тое, што перамога Пола Біі была афіцыйна абвешчана, яго супернік, Іса Чырома Бакары, абвясціў пра сваю ўласную перамогу, заявіўшы пра фальсіфікацыю выбараў. Краіне пагражае эскалацыя насілля. Як падкрэсліў арцыбіскуп Нкеа, у гэтым кантэксце “Папа прыбывае не як палітык і не выключна як кіраўнік дзяржавы, але перш за ўсё як пастыр, як чалавек Божы”.

У Бамэндзе, сталіцы паўночна-заходняга рэгіёна, Святы Айцец сустрэнецца з насельніцтвам, якое пацярпела ад нападаў баевікоў “Бока Харам” і вайны, што вядуць сепаратысцкія групоўкі ў паўднёва-заходнім рэгіёне. Арцыбіскуп выказаў глыбокую ўдзячнасць Святому Айцу, які “вырашыў прыехаць, нягледзячы на тое, што сітуацыя ўсё яшчэ напружаная”.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Камеруна заклікае жыхароў краіны “пазітыўна ўспрымаць візіт Святога Айца”, нягледзячы на магчымыя негатыўныя чуткі. Таксама іерарх перасцерагае перад палітычным выкарыстаннем гэтай падзеі. Душпастыр перакананы, што пасля візіту Святога Айца сітуацыя ў краіне павінна змяніцца.
 

27 лютага 2026, 08:18