Пошук

Кардынал Жан-Поль Веско Кардынал Жан-Поль Веско 

Візіт Льва XIV у Алжыр: каментар кардынала Веско

Візіт Льва XIV у Алжыр, які адбудзецца з 13 па 15 красавіка 2026 года, пройдзе пад знакам святога Аўгустына, памяці алжырскіх мучанікаў, міжрэлігійнага дыялогу і падтрымкі мясцовага Касцёла. Такое меркаванне выказаў кардынал Жан-Поль Веско.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Нарэшце візіт быў абвешчаны. Мы працуем над ім ужо некалькі месяцаў, але цяжка нешта рыхтаваць, пакуль гэта не стане публічным, пакуль няма поўнай упэўненасці. Цяпер усё афіцыйна, і гэта цудоўна! Мы даўно марылі пра візіт Папы ў Алжыр, і цяпер ён сапраўды адбудзецца: Святы Айцец уключыў яго сярод сваіх першых падарожжаў. Для нас гэта вельмі добры знак”, - прызнаўся арцыбіскуп Алжыра ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “SIR”.

Памяць пра алжырскіх мучанікаў

Кардынал Веско звярнуў увагу на сімвалічнае супадзенне: Леў XIV быў абраны Пантыфікам 8 мая – у літургічны ўспамін Дзевятнаццаці алжырскіх мучанікаў. “Сярод іх асаблівае месца займае Крысціян дэ Шэржэ, прыёр манахаў з Тыбірыны. Папа добра ведае іх гісторыю і ў пасланні на Сусветны дзень міру нават цытаваў яго словы: “Раззбройце вашы рукі, раззбройце вашы сэрцы”. Сярод алжырскіх мучанікаў ёсць таксама дзве манахіні-аўгустыянкі. Таму гэтыя падзеі яму вельмі добра знаёмыя”, - падкрэсліў кардынал.

Спадчына святога Аўгустына і дыялог з ісламам

“Прыбыць у Алжыр – значыць прыбыць на зямлю святога Аўгустына – постаці, якая мае вялікую вагу і застаецца актуальнай у сучасным свеце. Але я не думаю, што гэта пілігрымка будзе насіць толькі асабісты характар: гэта падарожжа мае больш шырокае значэнне”, - адзначыў іерарх.

Ён нагадаў словы Льва XIV, які падчас размовы з журналістамі на борце самалёта, вяртаючыся з Лівана, казаў пра жаданне наведаць Алжыр, “каб пабываць у месцах, звязаных са святым Аўгустынам, а таксама працягнуць размову пра дыялог і будаванне мастоў паміж хрысціянскім і мусульманскім светам”.

Трэці візіт у міжземнаморскую краіну

Кардынал звярнуў увагу і на геаграфічны аспект: першымі краінамі, якія наведаў Леў XIV, былі Турцыя і Ліван – дзяржавы міжземнаморскага рэгіёну. Цяпер Папа накіруецца ў Алжыр, які таксама належыць да Міжземнамор’я. “З гэтага пункту гледжання ён сапраўды ідзе па слядах Папы Францішка”, - заўважыў іерарх, падкрэсліваючы неабходнасць пераадолення напружання і канфрантацыі паміж заходнім і араба-мусульманскім светам.

Падтрымка місіі мясцовага Касцёла

На думку кардынала Веско, візіт мае асаблівае значэнне і для мясцовай каталіцкай супольнасці. “Мы – невялікі Касцёл, які патрабуе падтрымкі”, - адзначыў ён.

Іерарх нагадаў, што Леў XIV добра ведае мясцовую каталіцкую рэальнасць, бо двойчы наведваў Алжыр у якасці Генеральнага настаяцеля Ордэна святога Аўгустына.

Паводле яго слоў, падарожжа Святога Айца пройдзе пад дэвізам “Супакой вам”. “Як Касцёл мы хочам быць носьбітамі міру і будаўнікамі братэрства ў той час, калі свет глыбока патрабуе гэтага”, - сказаў кардынал. Ён дадаў, што мясцовы Касцёл імкнецца спакойна жыць уласнай тоеснасцю, быць інтэграваным у жыццё алжырскага грамадства і сведчыць пра магчымасць братэрства, нягледзячы на прыналежнасць да розных рэлігій.
 

26 лютага 2026, 10:55