Французы вяртаюцца ў Касцёл: у Парыжы рыхтуюць рэформы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У васьмі дыяцэзіях рэгіёна Іль-дэ-Франс стартаваў рэгіянальны сінод – рэдкая і знакавая для жыцця Касцёла падзея. Апошні раз такога роду форум у Парыжы праходзіў яшчэ ў XIII стагоддзі.
Прычынай стаў беспрэцэдэнтны наплыў новых вернікаў: французы пачалі масава вяртацца да хрысціянскіх каранёў, што патрабуе ад парафій якасна новых падыходаў да іх суправаджэння і інтэграцыі. Святары і вернікі сустракаюцца ў малых групах, каб разам адказаць на пытанні пра будучыню сваіх супольнасцей.
Секратар сінода ксёндз Максіміліян дэ Ла Марціньер адзначае, што зацікаўленасць верай не слабне, а нават нарастае. Напрыклад, у Версальскай дыяцэзіі колькасць новых катэхуменаў штогод павялічваецца на дзясяткі. Гэтая хваля літаральна ўскалыхнула Касцёл у Францыі, ператварыўшыся ў пастаянную тэндэнцыю.
Зараз галоўная задача – не проста ахрысціць чалавека, але і ўвесці яго ў літургічнае жыццё, навучыць асабістай малітве, інтэграваць у парафію.
Кансультацыі, у якіх удзельнічаюць самі неафіты, катэхумены і іх настаўнікі, працягнуцца да 1 ліпеня 2026 года. Паводле інфармацыі арганізатараў, на аснове атрыманых адказаў будзе падрыхтаваны працоўны дакумент для сесій сінода.
Урачыстае адкрыццё пленарных пасяджэнняў запланавана на 31 мая 2026 года і пройдзе ў адроджанай катэдры Нотр-Дам у Парыжы.
Біскупы падкрэсліваюць, што сінод стаў неабходным, бо яны не хочуць згубіць гэты ўнікальны гістарычны шанц для французскага каталіцтва.