Крыж у доме і цішыня ў касцёле: заклік кардынала Долана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп-эмерыт Нью-Ёрка кардынал Цімаці Долан праз сацыяльныя сеткі звярнуўся да вернікаў з прапановай вярнуць у штодзённасць простыя каталіцкія звычаі. Сярод іх – прысутнасць распяцця ў кватэры як знака хрысціянскай ідэнтычнасці сям’і і прысвячэнне дома Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Іерарх падкрэсліў, што такія жэсты робяць веру жывой і бачнай.
Рытм дня, паводле кардынала, павінны ствараць ранішняя і вечаровая малітвы, а таксама знак крыжа перад ежай – нават у публічных месцах. Гэта дапамагае памятаць пра Бога сярод штодзённай мітусні.
Асобную ўвагу кардынал Долан звярнуў на культуру паводзін у храмах. Ён заклікаў вярнуць у касцёлы цішыню перад пачаткам літургіі, каб годна падрыхтавацца да Эўхарыстыі, а таксама нагадаў пра важнасць нядзельнай Імшы і пятнічнага посту. На думку іерарха, менавіта гэтыя практыкі дазваляюць католіку заставацца верным Хрысту ў сучасным свеце.