Кардынал Цімаці Долан Кардынал Цімаці Долан   (David Dee Delgado)

Крыж у доме і цішыня ў касцёле: заклік кардынала Долана

Кардынал Цімаці Долан заклікаў амерыканскіх католікаў адрадзіць забытыя традыцыі, такія як знак крыжа ў рэстаране, пятнічны пост і малітоўная цішыня перад святой Імшой.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп-эмерыт Нью-Ёрка кардынал Цімаці Долан праз сацыяльныя сеткі звярнуўся да вернікаў з прапановай вярнуць у штодзённасць простыя каталіцкія звычаі. Сярод іх – прысутнасць распяцця ў кватэры як знака хрысціянскай ідэнтычнасці сям’і і прысвячэнне дома Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Іерарх падкрэсліў, што такія жэсты робяць веру жывой і бачнай.

Рытм дня, паводле кардынала, павінны ствараць ранішняя і вечаровая малітвы, а таксама знак крыжа перад ежай – нават у публічных месцах. Гэта дапамагае памятаць пра Бога сярод штодзённай мітусні.

Асобную ўвагу кардынал Долан звярнуў на культуру паводзін у храмах. Ён заклікаў вярнуць у касцёлы цішыню перад пачаткам літургіі, каб годна падрыхтавацца да Эўхарыстыі, а таксама нагадаў пра важнасць нядзельнай Імшы і пятнічнага посту. На думку іерарха, менавіта гэтыя практыкі дазваляюць католіку заставацца верным Хрысту ў сучасным свеце.
 

22 студзеня 2026, 11:33