Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

“Caritas” далучыўся да экуменічнага закліку да барацьбы з голадам

“Caritas Internationalis”, “World Vision” і Сусветная рада Цэркваў падпісалі сумесную экуменічную дэкларацыю аб “Праве на ежу і харчаванне”, заклікаючы да сумесных дзеянняў хрысціянскіх канфесій у барацьбе з голадам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Тры буйныя хрысціянскія дабрачынныя арганізацыі выступілі з супольнай заявай пасля завяршэння ў Рыме 53-й сесіі Камітэта па сусветнай харчовай бяспецы ФАО.

“Голад пасярод дастатку – гэта знак маральнага краху і заклік да неадкладных дзеянняў. Накарміць галодных і апекавацца найслабейшымі – гэта найвышэйшы абавязак чалавецтва”, - гаворыцца ў дэкларацыі.

Паводле звестак ААН, сёння каля 673 мільёнаў чалавек у свеце пакутуюць ад хранічнага голаду, хоць планета мае дастаткова ежы, каб накарміць усіх. У 2024 годзе больш за 150 мільёнаў дзяцей пацярпелі ад недаядання, што негатыўна паўплывала на іх фізічнае і разумовае развіццё, падкрэсліваецца ў дакуменце.

Хрысціянскія дабрачынныя арганізацыі выказалі занепакоенасць ростам ваенных выдаткаў і скарачэннем дапамогі бедным: у 2024 годзе аб’ём інвестыцый ва ўзбраенне перавысіў 2,7 трыльёна долараў, што на 9,4 працэнта больш, чым годам раней, у той час як сродкі на гуманітарную дапамогу і харчовую бяспеку застаюцца недастатковымі.

У дэкларацыі адзначаецца ўплыў кліматычных змен на сітуацыю з голадам, а таксама нагадваецца, што канфлікты разбураюць харчовыя сістэмы, прымушаюць сялян пакідаць зямлю і выклікаюць хвалі бежанцаў.

Спасылаючыся на Юбілейны год – час ласкі і прабачэння – падпісанты заклікалі палітычных лідараў і міжнародныя структуры скасаваць даўгі бедных краін. “Тое, як мы ставімся да бедных, адлюстроўвае нашу сувязь з Богам і нашу прыхільнасць справядлівасці. Нашы этычныя традыцыі патрабуюць поўнай рэалізацыі права на харчаванне для кожнага чалавека на зямлі”, - гаворыцца ў дакуменце.
 

24 кастрычніка 2025, 09:56