Аргенцінцы Рыма маліліся за хворага Пантыфіка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Нягледзячы на моцны дождж, многія вернікі сабраліся ў Касцёле Маці Божай Балеснай на плошчы Буэнас-Айрэса ў Рыме. Аб хуткім выздараўленні Папы маліліся побач святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, у тым ліку і паслы Аргенціны і Эквадора пры Святым Пасадзе.
У сваёй гаміліі кардынал Рэйна падкрэсліў, што Францішак заўсёды вучыць давяраць Богу. Ён заклікаў прысутных маліцца да Панны Марыі, каб яна падтрымала Пантыфіка ў час хваробы. Вернікі сімвалічна даверылі свайго суайчынніка заступніцтву Маці Божай Луханскай, апякункі Аргенціны, невялікая статуэтка якой была размешчана ля алтара.
Пасля Імшы многія з іх затрымаліся на плошчы Буэнас-Айрэса, каб выказаць сваю блізкасць да Пантыфіка. Былі сярод іх і тыя, хто ведае Францішка з часоў служэння ў сталіцы Аргенціны. Яны распавялі аб яго простым ладзе жыцця, пастаяннай блізкасці да вернікаў, наведваннях гарадскіх ускраін. "Папа Берголіа – адзін з нас. Ён наш бацька, наш брат, наш пастыр. Нам, аргенцінцам, прыемна адчуваць, што адзін з нас суправаджае і падтрымлівае нас. Гэта падстава для радасці, надзеі і даверу", - сказала адна з манахінь.