Касцёл і ўлада ў ЗША: спрэчка за лёс мігрантаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Напружанасць паміж адміністрацыяй Трампа і каталіцкім епіскапатам ЗША дасягнула новага ўзроўню пасля рэзкіх заяў Джэймса Вэнса. У інтэрв'ю тэлеканалу CBS News 26 студзеня 2025 года ён выказаў меркаванне, што Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў варта "паглядзець у люстэрка" і задумацца пра сапраўдныя матывы сваёй дзейнасці. "Каталіцкі Касцёл атрымлівае больш за 100 мільёнаў долараў на перасяленне нелегальных мігрантаў", - заявіў палітык.
"Як практыкуючы католік, я быў сапраўды засмучаны заявай біскупаў", - падкрэсліў Вэнс у сваім выступленні. Паводле інфармацыі Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва (KNA), віцэ-прэзідэнт таксама абвінаваціў біскупаў у ігнараванні праблемы гандлю непаўналетнімі з прычыны палітыкі адкрытых меж.
У адказ на абвінавачванні біскупская канферэнцыя выступіла з афіцыйнай заявай, падкрэсліўшы шматгадовую гісторыю супрацоўніцтва з урадам у праграме перасялення бежанцаў (USRAP). "Дзяржаўнага фінансавання недастаткова для пакрыцця ўсіх выдаткаў на праграмы дапамогі", - адзначаецца ў дакуменце.
Старшыня епіскапату, арцыбіскуп Цімаці Брольё, раней выказаў занепакоенасць новымі міграцыйнымі правіламі адміністрацыі Трампа, якія дазваляюць затрыманні нелегальных мігрантаў у касцёлах, школах і бальніцах. "Гэтыя меры будуць мець негатыўныя наступствы для самых безабаронных прадстаўнікоў нашага грамадства", - падкрэсліў іерарх.