У Іарданіі адбылася кансэкрацыя Касцёла Хросту Езуса
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кардынал Паралін адзначыў унікальнасць месца, на якім пабудаваны новы касцёл. Яно знаходзіцца на ўсходнім беразе Ярдану, дзе сустракаліся многія біблійныя постаці. Лічыцца, што ў гэтым месцы Ян Хрысціцель ахрысціў Езуса.
Эль-Махтас, што па-арабску азначае пагружэнне, знаходзіцца ў самым нізінным месцы на Зямлі, але менавіта тут Бог выйшаў насустрач чалавецтву, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Францішка
Іерарх запэўніў хрысціян Блізкага Усходу, якія перажываюць цяжкія часы, у блізкасці і салідарнасці ўсяго Каталіцкага Касцёла. Ён заклікаў вернікаў не паддавацца роспачы, а верыць у тое, што Бог накіроўвае чалавечую гісторыю да справядлівасці і міру. Кардынал Паралін заклікаў да спынення агню, вызвалення зняволеных і павагі да гуманітарнага права. Ён падкрэсліў, што будучыню трэба будаваць не на гвалце, а на фундаменце мірнага і гарманічнага суіснавання паміж народамі.
Іерарх выказаў падзяку каралеўскай сям’і, асабліва каралю Абдале II, і ўраду Іарданіі за падтрымку святога месца з тых часоў, як яно было адкрыта ў 1990-х гадах айцом Мікеле Пічырыла. Паралін выказаў спадзяванне, што новая святыня зможа стаць важным месцам пілігрымак, дзе вернікі будуць абнаўляць свой хрост і імкненне крочыць за Хрыстом.
Супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Іарданіяй працягваецца: у лютым 2025 года ў Ватыкане пройдзе выстава Іарданія. Світанак хрысціянства.