Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскае выдавецтва ў Рыміні: дыскусіі пра надзею і прымірэнне

Ватыканскае выдавецтва LEV прыме ўдзел у 47-й Сустрэчы сяброўства паміж народамі (Meeting per l’amicizia fra i popoli), якая пройдзе з 21 па 26 жніўня 2026 года ў італьянскім горадзе Рыміні. 22 жніўня форум наведае Папа Леў XIV.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На фестывалі, які кожны год збірае палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў з розных краін свету, Ватыканскае выдавецтва прадставіць свае новыя кнігі і правядзе шэраг сустрэч з іх аўтарамі – кардыналамі, святарамі, філосафамі і пісьменнікамі.

Тэмай сёлетняга форуму будуць словы з “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры: “Любоў, што рухае сонца і зоркі”. Яго ўдзельнікі будуць разважаць над любоўю як сілай, здольнай перамяняць чалавека і грамадства.

Адкрыецца мерапрыемства сустрэчай з Разэлін Амель, сястрой 85-гадовага айца Жака Амеля, забітага ў 2016 годзе тэрарыстамі, звязанымі з групоўкай “Ісламская дзяржава”, і Насерай Керміш – маці аднаго з забойцаў. Іх гісторыя пакут, прабачэння і прымірэння лягла ў аснову кнігі “Сёстры па горы” (“Sorelle di dolore”), напісанай разам з журналістам Самюэлем Льевенам.

Падчас адной з наступных сустрэч амерыканская прафесар Кэтрын Конібер, аўтар кнігі “Аўгустын Афрыканскі” (“Agostino l’Africano”), прыме ўдзел у дыялогу на тэму “Па слядах святога Аўгустына” разам з айцом Джозэфам Фарэлам, генеральным настаяцелем Ордэна аўгустынцаў, і кардыналам Жан-Полем Веско, арцыбіскупам Алжыра і аўтарам кнігі “Адвага братэрства” (“L’audacia della fraternità”).

24 жніўня ўдзельнікі форуму ў Рыміні змогуць сустрэцца з кардыналам Жазэ Таленціну дэ Мендонсам – прэфектам Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, паэтам, біблістам і аўтарам кнігі “Клапаціцца пра ўнутранае жыццё” (“Coltivare la vita interiore”).

Яшчэ адна сустрэча, падрыхтаваная Ватыканскім выдавецтвам, будзе прысвечана ролі любові ў жыцці чалавека, сям’і і грамадства. У ёй прымуць удзел французскі філосаф Фабрыс Хаджадж, аўтар кнігі “Ной. Пачынаць у канцы свету” (“Noè. Cominciare alla fine del mondo”), і Габрыэла Гамбіна, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

У апошні дзень форуму, 26 жніўня, кардынал П’ербаціста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, аўтар кнігі “Вярнуліся ў Іерусалім з вялікай радасцю” (“Tornarono a Gerusalemme con grande gioia”), прыме ўдзел у дыялогу з моладдзю.
 

03 жніўня 2026, 10:24