Пошук

Новыя ватыканскія манеты з партрэтам і гербам Льва XIV Новыя ватыканскія манеты з партрэтам і гербам Льва XIV 

Ватыкан абнавіў дызайн манет у гонар пантыфікату Льва XIV

У Ватыкане прадставілі першую серыю манет з партрэтам і гербам Папы Льва XIV. У ёй выкарыстана новая мастацкая канцэпцыя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Губернатарат Дзяржавы Ватыкан 30 ліпеня 2026 года прадставіў новую серыю манет – першую звычайную, неюбілейную эмісію часоў пантыфікату Папы Льва XIV.

У цэнтры дызайну – герб Пантыфіка: ён упрыгожвае вокладку футарала, у якім захоўваюцца манеты, выкананую ў рэльефе з эфектам "тынкоўкі" на фоне колеру слановай косткі. Насычаны сіні колер, абраны для надпісаў і асноўных графічных элементаў, паўтарае адценні дзвюх частак герба Льва XIV. Той жа спалучэнне колераў з'явіцца і ва ўпакоўцы наступных нумізматычных выпускаў Ватыкана.

Такое рашэнне – не проста прыгожае афармленне, а знак пашаны новаму пантыфікату. Упершыню за ўсю гісторыю ватыканскіх манетных серый прымянілі новы прынцып: партрэт Папы змясцілі на манетах большага намінала, а герб – на драбнейшых.

Асаблівую ўвагу заслугоўвае манета ў 2 еўра: на ёй сабраны галоўныя сімвалы герба Льва XIV – лілея, якая азначае чысціню і адданасць Дзеве Марыі, і палаючае сэрца, пранізанае стралой, над адкрытай кнігай. Гэты вобраз адсылае да аўгустынскай духоўнасці і сілы Божага Слова, здольнага змяніць чалавечае сэрца.

Мастацкую канцэпцыю новай серыі распрацавала скульптар Даніэла Лонга, а над штэмпелямі манет працавала група ватыканскіх медальераў.

Такім чынам Губернатарат Ватыкана адзначыў пачатак пантыфікату Льва XIV новай мастацкай мовай, у якой традыцыя спалучаецца з сучасным поглядам на нумізматычнае мастацтва.
 

03 жніўня 2026, 11:46