Агарод кляштара "Mater Ecclesiae" (© Governatorato SCV) Агарод кляштара "Mater Ecclesiae" (© Governatorato SCV) 

У Ватыканскіх садах ствараюць 100% біялагічны агарод

Агарод каля кляштара "Mater Ecclesiae" у Ватыканскіх садах сёлета цалкам перайшоў на біялагічнае земляробства ў духу энцыклікі "Laudato si'".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Зямля каля ватыканскага кляштара "Mater Ecclesiae" мае багатую гісторыю, якая сягае часоў Мікалая III, які паміж 1277 і 1280 гадамі заснаваў тут сады для патрэб папскай кухні. Праз стагоддзі, у кляштары, узведзеным у 1992-1994 гадах, манахіні працягнулі гэтую традыцыю.

Пераход да новых прынцыпаў адбыўся паступова і асэнсавана

Сёння за гэтым кутком даглядае вопытны садоўнік Гільберта Б'янкі пад кіраўніцтвам Службы садоў і навакольнага асяроддзя Ватыкана. Сёлета вырошчванне гародніны стала на 100% біялагічным у адпаведнасці з энцыклікай "Laudato si'". Паліў застаецца цалкам ручным, а ўсе агранамічныя працэсы фіксуюцца ў спецыяльным палявым сшытку.

Агарод на тэрасах Ватыканскіх садоў (© Governatorato SCV)
Агарод на тэрасах Ватыканскіх садоў (© Governatorato SCV)

Каб пазбегнуць распаўсюджвання фітапаталогій, расаду закупляюць ужо апрацаванай прыроднымі сродкамі, хоць у праекце застаецца стварэнне ўласнай цяпліцы і гадавальніка. Абарона раслін заснавана не на знішчэнні, а на кантролі колькасці шкоднікаў у межах дазволенай нормы. Урадлівасць глебы падтрымліваецца праз севазварот з бабовымі культурамі і выкарыстанне марскіх водарасцей.

Кожны сезон – свая логіка, свой рытм працы

Сярод асноўных культур – свежы часнок, базілік, перуанскі пеперанчына, гарбузы і ківі. Пасадкі ажыццяўляюцца згодна з календаром: з канца жніўня да пачатку верасня пачынаецца зімовы сеў савойскай капусты, брокалі, шпінату і салаты. Найбольш плённым месяцам з'яўляецца май, а летняя спякота патрабуе асаблівай увагі да таматаў, баклажанаў, перцаў і пулійскіх агуркоў. Штодзённыя заказы ад манахінь заўсёды канкрэтныя, напрыклад 5 таматаў або 4 цукіні, што дазваляе пазбегнуць марнавання ўраджаю.

Апрача сезоннай гародніны, тут растуць векавыя цытрусавыя дрэвы, якім каля 150 гадоў. З іх пладоў сёстры рыхтуюць джэмы, цукаты і печыва, якія прапануюць гасцям або перадаюць у дабрачынны прытулак. Такі падыход адлюстроўвае пазіцыю Касцёла ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.
 

14 жніўня 2026, 11:28