Святы Пасад у ААН: будаваць гарады, дзе кожны мае месца і дом
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Дарадца Пастаяннай місіі назіральніка Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку выступіў на пасяджэнні высокага ўзроўню Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прысвечаным Новай праграме развіцця гарадоў з нагоды дзесятай гадавіны яе прыняцця.
Гэтая важная дата, адзначыў ватыканскі дыпламат, “дае магчымасць пацвердзіць прыхільнасць развіццю гарадскіх тэрыторый, якія служаць чалавеку”, бо “кожны горад – гэта ў першую чаргу супольнасць людзей”, кожны з якіх валодае ўласнай годнасцю, што з’яўляецца “Божым дарам” і павінна “шанавацца, абараняцца і падтрымлівацца”.
Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што горад нельга лічыць паспяховым толькі таму, што ў ім шмат новых будынкаў або моцная эканоміка. Сапраўды добры горад – гэта той, дзе людзі могуць годна жыць, развівацца і дапамагаць адзін аднаму.
“Чым больш горад здольны супрацьстаяць розным формам беднасці, няроўнасці і экалагічнай дэградацыі, тым больш устойлівым ён становіцца”, – дадаў ватыканскі дыпламат.
Мансеньёр Мэрфі прывёў словы Льва XIV з энцыклікі “Magnifica humanitas” пра тое, што “справядлівае грамадства патрабуе прысутнай дзяржавы і грамадзянскіх інстытутаў, здольных выйсці за межы выключна логікі эфектыўнасці, свядома скіроўваючы рэсурсы, творчы патэнцыял і заканадаўства на карысць найбольш уразлівых”.
Таму, калі гарады і гарадская прастора не здольныя падтрымаць людзей, якія жывуць у беднасці, і бяздомных, яны не адпавядаюць бачанню, закладзенаму ў Новай праграме развіцця гарадоў, – сказаў святар, падкрэсліваючы, што сярод шматлікіх выклікаў гарадскога развіцця прыярытэтам павінна стаць забеспячэнне кожнага чалавека жыллём.
“Адсутнасць дома, безумоўна, з’яўляецца сур’ёзным парушэннем чалавечай годнасці”, – адзначыў прадстаўнік місіі Святога Пасаду пры ААН. Ён дадаў, што не мець дома – значыць быць пазбаўленым бяспекі, стабільнасці, прыватнасці і пачуцця прыналежнасці. Стан бяздомнасці падрывае магчымасць карыстацца многімі асноўнымі правамі чалавека і нярэдка замыкае людзей і цэлыя сем’і ў замкнёным коле выключэння і беднасці, - падкрэсліў мансеньёр Мэрфі.
Святар заклікаў дзяржавы больш інвеставаць у будаўніцтва даступнага жылля і развіццё сацыяльных службаў, а таксама змагацца з прычынамі бяздомнасці – беднасцю, беспрацоўем, залежнасцямі, псіхічнымі захворваннямі, распадам сем’яў, войнамі і вымушаным перасяленнем.
Ватыканскі дыпламат таксама адзначыў неабходнасць “абноўленай міжнароднай салідарнасці” дзеля выканання Новай праграмы развіцця гарадоў. Паколькі многія краіны, якія развіваюцца, сутыкаюцца з фінансавымі праблемамі і абмежаванымі магчымасцямі ў кіраванні працэсамі хуткай урбанізацыі, ім неабходна аказваць падтрымку “праз пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва, перадачу тэхналогій, развіццё патэнцыялу і належнае фінансаванне”, - адзначыў ён.
На заканчэнне мансеньёр Мэрфі нагадаў словы Папы Льва XIV пра тое, што сапраўднае развіццё пачынаецца тады, калі ў цэнтры ўвагі знаходзіцца чалавек. Менавіта гэты прынцып павінен кіраваць рэалізацыяй Новай праграмы развіцця гарадоў у наступным дзесяцігоддзі, каб дзякуючы салідарнасці, інклюзіі і клопату пра найбольш патрабуючых гарады сталі “месцамі сустрэчы, братэрства і надзеі”.