Прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса Прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса  

Трыенале каталіцкіх універсітэтаў: мастацтва і пошук эмпатыі ў свеце

Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі запускае міжнароднае Трыенале мастацтва каталіцкіх універсітэтаў, якое аб’яднае навучальныя ўстановы, мастакоў, куратараў і ўстановы культуры з усяго свету для вывучэння вострых праблем сучаснасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У 2026-2027 гадах праект пройдзе ў сямі каталіцкіх універсітэтах у розных частках свету: Бразіліі, Чылі, Калумбіі, ЗША, Італіі, Партугаліі і Анголе. Ініцыятыва пад назвай “Exercises in Empathy” (“Практыкаванні ў эмпатыі”) будзе прысвечана ролі эмпатыі ў адукацыі, чалавечых адносінах і грамадскім жыцці. Яе праграма прадугледжвае мастацкія выставы, публікацыі, навуковыя даследаванні, публічныя дыскусіі і сустрэчы.

Трыенале мастаціва адкрыецца 27 жніўня ў Папскім каталіцкім універсітэце Рыа-дэ-Жанэйра ў Бразіліі. Затым яно адбудзецца таксама ў іншых навучальных установах: Папскім каталіцкім універсітэце Чылі (Сант’яга, Чылі), Папскім універсітэце Хаверыяна (Багата, Калумбія), Бостанскім каледжы (Бостан, ЗША), Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца (Мілан, Італія), Каталіцкім універсітэце Партугаліі (Лісабон, Партугалія) і Каталіцкім універсітэце Анголы (Луанда, Ангола). Закрыццё ініцыятывы пройдзе ў сімвалічным для свету культуры і мастацтва месцы – італьянскай Венецыі.

Праект стане магчымасцю паразважаць пра ролю ўніверсітэцкай адукацыі, чалавечыя адносіны і само паняцце эмпатыі, зыходзячы з адной з цэнтральных праблем, закранутых у энцыкліцы Льва XIV “Magnifica humanitas”: напружання паміж сімуляцыяй і рэальным вопытам, у выніку якога эмпатыя становіцца катэгорыяй, што знаходзіцца пад пагрозай.

Прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі кардынал Жазэ Таленціну дэ Мендонса падкрэсліў, што эмпатыя павінна быць часткай самой місіі ўніверсітэта. Паводле яго, здольнасць зразумець досвед іншага дапамагае ператварыць разрозненыя спецыялізаваныя веды ў мудрасць, скіраваную на дабро чалавека і грамадства.

Асобная роля ў праекце адводзіцца мастацтву. Яно павінна стаць сродкам, які дазваляе размаўляць пра складаныя праблемы не толькі мовай навукі, але і праз асабісты досвед, вобраз і творчасць. Такі падыход павінен дапамагчы ўдзельнікам выйсці за межы вузкіх спецыялізацый і сустрэцца з іншымі спосабамі ўспрымання рэчаіснасці.
 

08 жніўня 2026, 10:15