2023.08.08 Tema del Mess. del Papa per la prossima Giornata della pace

Раззброіць тэхніку: Папа абраў тэму Дня міру

Леў XIV заклікае “раззброіць тэхніку” і нагадвае пра маральную адказнасць палітыкаў у захаванні міру, асабліва ў сувязі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту ў ваеннай сферы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека абвясціла дэвіз 60-га Сусветнага дня міру. Для святкавання, якое адбудзецца 1 студзеня 2027 года, Святы Айцец абраў тэму " Раззброіць тэхніку, служыць міру. Палітыка як прэвентыўная адказнасць".

Абмежаванні для штучнага інтэлекту ў ваенных рашэннях

Як адзначаецца ў адмысловым паведамленні, сваім рашэннем Леў XIV імкнецца звярнуць увагу на маральную адказнасць тых, хто пакліканы дзейнічаць у палітычнай сферы. Ён заклікае ўсё чалавецтва спрыяць годнасці чалавечай асобы і рабіць унёсак у будаўніцтва міру. Распачаць гэты працэс прапануецца менавіта з раззбраення тэхналогій.

Дыкастэрыя цытуе Пантыфіка, які ў сваёй першай энцыкліцы "Magnifica humanitas" перасцерагае ад небяспекі, звязанай з даверам ваенных рашэнняў штучнаму інтэлекту. Ён нагадвае важнае сцвярджэнне: "не існуе алгарытму, які мог бы зрабіць вайну маральна дапушчальнай". Леў XIV падкрэслівае неабходнасць захавання чалавечай адказнасці ў свеце новых тэхналогій. Рашэнні аб жыцці людзей і суіснаванні народаў не могуць бяздумна перадавацца тэхнічным сістэмам.

Супольная праца на карысць агульнай бяспекі

Святы Айцец звяртаецца з гарачым заклікам да міжнароднай супольнасці. Ён заклікае спрыяць супольным дамоўленасцям, здольным абараніць маральныя і гуманітарныя прынцыпы. Гэта выключна важна ў сітуацыях, дзе закранаюцца жыццё людзей і мір паміж народамі. Прафілактычная адказнасць палітыкаў павінна стаць асновай для сапраўднага і доўгатэрміновага міру.
 

11 жніўня 2026, 12:03