Святы Пасад і Італія: працягваецца праца над сонечнай станцыяй
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У аўторак раніцай, 4 жніўня 2026 года, у Зялёнай зале рымскага палаца Кіджы адбылася сустрэча, прысвечаная стварэнню агравальтаічнай станцыі. Спецыяльная сумесная камісія Італіі і Святога Пасада пачала сваю дзейнасць у межах дамоўленасцей, дасягнутых паміж двума бакамі. Праца структуры была прадугледжана пагадненнем, падпісаным 31 ліпеня 2025 года. Будучы комплекс размесціцца ў ватыканскай экстратэрытарыяльнай зоне Санта-Марыя-дзі-Галерыя.
Новы этап працягвае ініцыятыву Папы Францішка, які ў апостальскім лісце "Брат Сонца" ад 21 чэрвеня 2024 года распарадзіўся стварыць сонечную станцыю. 1 чэрвеня 2026 года Папа Леў XIV пацвердзіў рашэнне папярэдніка спецыяльным хірографам. Дакумент вызначыў пераход да ўстойлівай мадэлі развіцця як неадкладную патрэбу.
Пасяджэнне прайшло пад супольным старшынствам старшыні фонда "Брат Сонца" сястры Рафаэлы Петрыні і намесніка сакратара Прэзідыума Савета міністраў Італіі Альфрэда Мантана. З ватыканскага боку ў размове ўдзельнічалі прадстаўнікі Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і Жандармерыі.
У дыялогу ўдзельнічалі кіраўнікі кабінетаў і эксперты міністэрстваў замежных спраў, унутраных спраў, культуры, а таксама навакольнага асяроддзя і энергетычнай бяспекі Італіі. Да рабочай групы далучыліся дэлегаты рэгіёна Лацыа і муніцыпалітэта Рыма. Тэхнічны блок прадстаўлялі спецыялісты арганізацый "ARERA", "Terna" і "Acea".
Супольная праца дазволіць каардынаваць усе этапы стварэння сонечнага комплексу.
Будучая станцыя разгорнецца на 424 гектарах экстратэрытарыяльнай зямлі, дзе з 27 кастрычніка 1957 года знаходзіўся радыёвяшчальны цэнтр Ватыканскага радыё, адкрыты яшчэ Піем XII. Новы праект спалучае вытворчасць энергіі з аховай глебы і развіццём сельскай гаспадаркі. Плануецца, што станцыя цалкам пакрые патрэбы ў электрычнасці ўсёй Дзяржавы Ватыкан.