Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер   (ANSA)

Візіт Галахера ў Маскву: апублікавана праграма сустрэч

У Маскве арцыбіскуп Пол Рычард Галахер сустрэнецца з Сяргеем Лаўровым, Юрыем Ушаковым, прадстаўніком Маскоўскага Патрыярхату і каталіцкай супольнасцю. Апублікавана праграма візіту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 24 па 28 жніўня 2026 года сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер знаходзіцца з візітам у Расійскай Федэрацыі. Місія ў Маскве мае дыпламатычнае, касцельнае і экуменічнае вымярэнні. Апублікаваная 24 жніўня 2026 года праграма дазваляе дакладней убачыць кола сустрэч, запланаваных падчас гэтай паездкі.

25 жніўня арцыбіскуп Галахер сустрэнецца з міністрам замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргеем Лаўровым. У гэты ж дзень запланавана размова з Мітрапалітам Валакаламскім Антоніем, старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. На наступны дзень прадстаўнік Апостальскай Сталіцы сустрэнецца з Юрыем Ушаковым, дарадцам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па пытаннях знешняй палітыкі.

27 жніўня праграма будзе прысвечана сустрэчам з мясцовай каталіцкай супольнасцю. Арцыбіскуп правядзе сустрэчу з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, узначаліць эўхарыстычную цэлебрацыю ў архікатэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве і сустрэнецца з біскупамі.

Такім чынам, побач з перамовамі з прадстаўнікамі грамадзянскіх уладаў і Маскоўскага Патрыярхату, важнай часткай паездкі стане сустрэча з каталіцкім Касцёлам у Расіі.

Арцыбіскуп Галахер ужо наведваў Маскву ў лістападзе 2021 года. Тады ён таксама сустракаўся з Сяргеем Лаўровым, а таксама з тагачасным кіраўніком Аддзела знешніх цакоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапалітам Іларыёнам.

Цяперашні візіт адбываецца ў адной з найбольш складаных фаз міжнародных адносін і пацвярджае імкненне Апостальскай Сталіцы працягваць шлях дыялогу.
 

24 жніўня 2026, 09:48