Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Галахер у Маскве: дыпламатыя і дыялог у імя міру

Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі з візітам у расійскай сталіцы з 24 па 28 жніўня 2026 года

Стэфана Ляшчынскі, пераклад і адаптацыя Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 24 па 28 жніўня 2026 года адбудзецца візіт у расійскую сталіцу сакратара па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера. Падчас місіі ў Маскве запланаваны сустрэчы з уладамі Расійскай Федэрацыі, з прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхату і з каталіцкай супольнасцю.

Такім чынам, гэта будуць чатыры дні інтэнсіўнага дыялогу і сустрэч, падчас якіх да ўласна дыпламатычнага вымярэння паездкі далучыцца касцельнае – з сустрэчамі з біскупамі і каталіцкай супольнасцю Расійскай Федэрацыі. Не будзе бракаваць, зрэшты, у гэтай важнай місіі і экуменічнага вымярэння, якое будзе датычыць сустрэчы з прадстаўнікамі Маскоўскага Патрыярхату.

Праграма візіту пацвярджае жаданне Апостальскай Сталіцы працягваць ісці шляхам дыялогу нават у адной з найбольш складаных фаз міжнародных адносін на глабальным узроўні.

Арцыбіскуп Галахер наведвае расійскую сталіцу не ўпершыню. Апошні візіт адбыўся ў лістападзе 2021 года. Тады іерарх сустрэўся з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным, міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым і тагачасным кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, Мітрапалітам Іларыёнам Алфеевым. З 2022 года Аддзел знешніх царкоўных сувязяў Патрыярхату ўзначальвае Мітрапаліт Антоній Сеўрук, які змяніў мітрапаліта Іларыёна.

Побач з дыпламатычнымі сустрэчамі паездка дасць арцыбіскупу Галахеру магчымасць сустрэцца з каталіцкай супольнасцю ў Маскве. Сакратар па сувязях з дзяржавамі правядзе размовы з біскупамі і прадстаўнікамі мясцовай супольнасці, узначаліць эўхарыстычную цэлебрацыю і правядзе сустрэчу з духавенствам і манахамі.

Каталіцкі Касцёл у Расіі ўяўляе сабой колькасна нешматлікую і геаграфічна рассеяную на вельмі шырокай тэрыторыі супольнасць. Яго тэрытарыяльная арганізацыя ўключае Архідыяцэзію Маці Божай у Маскве і дыяцэзіі святога Клімента ў Саратаве, Перамянення Пана ў Новасібірску і святога Юзафа ў Іркуцку.
 

22 жніўня 2026, 11:27