Пошук

Сумесная прэс-канферэнцыя арцыбіскупа Галахера з міністрам замежных спраў Расіі Лаўровым Сумесная прэс-канферэнцыя арцыбіскупа Галахера з міністрам замежных спраў Расіі Лаўровым  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер у Маскве: вайна павінна скончыцца

Пасля заканчэння працяглай размовы з міністрам замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргеем Лаўровым сакратар па сувязях з дзяржавамі выступіў з заявай на сумеснай прэс-канферэнцыі, нагадаўшы пра заклік Льва XIV пакласці канец вайне і пакутам грамадзянскага насельніцтва. Святы Пасад гатовы падтрымаць любыя намаганні для дасягнення міру ў цяперашнім міжнародным кантэксце, - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Стэфана Ляшчынскі, пераклад і адаптацыя Марыя Валодзіна - Vatican News

У ходзе двухбаковай сустрэчы ў сядзібе Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі ў аўторак, 25 жніўня 2026 года, сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, і міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў вызначылі некаторыя пункты збліжэння па асноўных міжнародных пытаннях, выказаўшы згоду адносна важнасці працягу дыялогу паміж Расійскай Федэрацыяй і Святым Пасадам. Сярод тэм, якія ўяўляюць інтарэс для абодвух бакоў, былі таксама пытанні, якія тычацца каталіцкай супольнасці ў Расіі, а таксама гуманітарныя ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб распачаць шлях да міру паміж Расіяй і Украінай.

Перамовы і гуманітарныя ініцыятывы

Па заканчэнні сустрэчы, у якой браў удзел таксама апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі арцыбіскуп Джавані Д'Аньела і якая доўжылася больш за гадзіну, арцыбіскуп Галахер і міністр Лаўроў зрабілі адпаведныя заявы для прэсы. Высокі прадстаўнік Святога Пасада нагадаў пра заклік Льва XIV спыніць ваенныя дзеянні паміж Расіяй і Украінай і распачаць перамовы пры падтрымцы міжнароднай супольнасці. Паводле арцыбіскупа Галахера, “пазіцыя Святога Пасада ясная: канфлікт не можа быць вырашаны ваеннымі сродкамі”, таму неабходна “стварыць умовы для палітычнага і дыпламатычнага працэсу”. Акрамя таго, ватыканскі дыпламат заклікаў Расію і Украіну праявіць адкрытасць і добрую волю, а таксама павагу да міжнароднага і гуманітарнага права, асабліва ў дачыненні да грамадзянскіх асоб, інфраструктуры, параненых і ваеннапалонных.

Сумесная прэс-канферэнцыя Галахера і Лаўрова
Сумесная прэс-канферэнцыя Галахера і Лаўрова

Вайна павінна скончыцца

“Скажу ясна: гэтая вайна павінна скончыцца”, - заявіў арцыбіскуп Галахер у сувязі з украінскім пытаннем. Колькасць ахвяр ваенных дзеянняў працягвае няспынна расці з абодвух бакоў, таксама як і пакуты грамадзянскага насельніцтва. “Неабходна тэрмінова спыніць сутыкненні і спланаваць будучыя адносіны так, каб не заставацца ў палону крыўд мінулага” і пакласці канец нянавісці, - падкрэсліў іерарх.

Інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва паміж Расіяй і Святым Пасадам

Міністр замежных спраў Лаўроў, выказваючы ўдзячнасць за адкрытасць Святога Пасада да дыялогу з Расіяй і адданасць справе міру, заявіў, што згодны з ватыканскім калегам па пытанні неабходнасці ўмацавання супрацоўніцтва па гуманітарных пытаннях, звязаных з канфліктам. Лаўроў назваў сустрэчу “вельмі карыснай".

Адданасць Святога Пасада справе міру

"Любы канкрэтны вынік у гуманітарнай сферы будзе спрыяць аблягчэнню пакут і дазволіць аднавіць мінімум даверу паміж бакамі канфлікту”, – падкрэсліў сакратар па сувязях з дзяржавамі. У гэтым сэнсе гаворка ішла пра важнасць маючай адбыцца місіі кардынала Дзупі ў Расіі. З боку Святога Пасада пацвярджаецца жаданне і далей садзейнічаць стварэнню прасторы для дыялогу, умацоўваючы гуманітарныя намаганні і прапаноўваючы свае “добрыя паслугі” для дасягнення міру, - сказаў арцыбіскуп Галахер.

Дэлегацыі Расійскай Федэрацыі і Святога Пасада падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў РФ
Дэлегацыі Расійскай Федэрацыі і Святога Пасада падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў РФ

Роля Касцёла ў будаўніцтве міру

Падчас перамоў з міністрам Лаўровым арцыбіскуп Галахер нагадаў аб важнай ролі мясцовага Касцёла і касцёльных супольнасцей для дапамогі найбольш неабароненым, у духу прымірэння. У гэтым кантэксце сакратар па сувязях з дзяржавамі таксама нагадаў пра стан і патрэбы Каталіцкага Касцёла ў Расійскай Федэрацыі з асаблівай увагай да душпастырскага клопату пра вернікаў і ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці з боку касцёльных і манаскіх супольнасцей.

Дыялог з Маскоўскім Патрыярхатам

У аўторак вечарам сакратар па сувязях з дзяржавамі сустрэўся таксама з мітрапалітам Валакаламскім Антоніем, адказным за знешнія сувязі Маскоўскага Патрыярхата. Бакі абмеркавалі тэмы агульнага інтарэсу, у тым ліку ў святле цяперашняга рэгіянальнага кантэксту. Мітрапаліт Антоній выказаў задавальненне ў сувязі з пастаяннымі і сардэчнымі кантактамі з Святым Пасадам.

Арцыбіскуп Галахер з мітрапалітам Валакаламскім Антоніем, адказным за знешнія сувязі Маскоўскага Патрыярхата
Арцыбіскуп Галахер з мітрапалітам Валакаламскім Антоніем, адказным за знешнія сувязі Маскоўскага Патрыярхата
26 жніўня 2026, 14:20