Фрагмент габелена "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах" Фрагмент габелена "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах" 

Пропаведзь Паўла ў Афінах: габелен Рафаэля ў Кастэль-Гандольфа

З 4 жніўня 2026 года ў Папскім палацы ў Кастэль-Гандольфа можна ўбачыць габелен "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах" з вядомай серыі паводле эскізаў Рафаэля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 4 жніўня 2026 года ў Зале Папаў Папскага палаца ў Кастэль-Гандольфа экспануецца габелен "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах". Ён уваходзіць у знакамітую серыю "Дзеі Апосталаў", якую Папа Леў X замовіў для ўпрыгожвання сцен Сікстынскай капэлы. Габелены былі створаны паміж 1515 і 1521 гадамі ў фламандскай мануфактуры паводле эскізаў Рафаэля Санці і яго майстэрні.

Фрагмент габелена "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах"
Фрагмент габелена "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах"

У цэнтры кампазіцыі – аповед з Кнігі Дзеяў Апосталаў, калі святы Павел прамаўляе на арэапагу Афін, абвяшчаючы прыйсце Хрыста. Апостал народаў адкрыта звяртаецца да філосафаў і знаўцаў закона, абвяшчаючы новае хрысціянскае пасланне. Экспазіцыю падрыхтавалі кіраўніца аддзела габеленаў і тканін Ватыканскіх музеяў Алесандра Радольфа разам з асістэнткай Мікелай Джанфранчэскі.

Рафаэль пабудаваў сцэну на выразнай перспектыве, гарманічна спалучыўшы чалавечыя постаці і архітэктурныя элементы. Святы Павел паказаны справа – амаль спінай да гледача, але як велічная і харызматычная постаць. Побач на заднім плане ўзвышаецца пазалочаная статуя Марса са зброяй – сімвал старажытных рэлігійных вераванняў, якія саступаюць месца новаму хрысціянскаму пасланню.

Фрагмент габелена "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах"
Фрагмент габелена "Пропаведзь святога Паўла ў Афінах"

Габелен мае няпростую гісторыю. Да канца 1521 года ён ужо знаходзіўся ў Ватыкане, але быў выкрадзены падчас рабавання Рыма ў 1527 годзе. У 1554 годзе габелен быў вернуты Пантыфіку галоўнакамандуючым французскага войска Анам дэ Манмарансі, пра што сведчаць герб і надпіс у ніжняй частцы бакавога фрыза.

Паводле арганізатараў выставы, сюжэт габелена захоўвае асаблівую актуальнасць і сёння, прапаноўваючы прыклад глыбокага дыялогу паміж рознымі культурамі ў свеце, які пакутуе ад канфліктаў і войнаў.
 

07 жніўня 2026, 10:02