Пошук

Кардынал П'етра Паралін у санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай Кардынал П'етра Паралін у санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай  (REUTERS)

Кардынал Паралін: шлях Касцёла – прысутнасць, сведчанне і малітва

Прысутнасць, сведчанне, малітва – тры галоўныя напрамкі дзейнасці Касцёла ў Мексіцы вылучыў кардынал П’етра Паралін падчас святой Імшы, якую ўзначаліў у санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Эўхарыстычная цэлебрацыя ў галоўным марыйным санктуарыі ўсяго амерыканскага кантынента стала кульмінацыйным пунктам афіцыйнага візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы ў Мексіку, які праходзіў з 4 па 6 жніўня 2026 года.

У месцы, дзе тысячы вернікаў прыходзяць прасіць заступніцтва Багародзіцы, кардынал Паралін скіраваў свае думкі да шматлікіх маці, “якія працягваюць з настойлівасцю і верай шукаць сваіх зніклых дзяцей”. Бліжэйшы супрацоўнік Папы заклікаў мексіканскую каталіцкую супольнасць падтрымаць іх малітвай і зрабіць усё магчымае, каб іх настойлівасць і вера атрымалі адказ.

Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай
Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай   (ANSA)

Дзяржаўны сакратар нагадаў пра неабходнасць абвяшчаць Добрую Навіну ў свеце, дзе “пошасць вайны, жах голаду і спусташэнне, якое нясе гвалт, здараюцца занадта часта”. Ён заклікаў Касцёл у Мексіцы спрыяць прымірэнню культур і народаў, а таксама быць побач з тымі, хто мае патрэбу, з маргіналізаванымі, мігрантамі і чужаземцамі.

Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай
Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай   (ANSA)

Бог дзейнічае не толькі праз моцных і ўплывовых людзей, але часта праз простых людзей, якія з верай выконваюць сваё пакліканне, - нагадаў ватыканскі іерарх. Ён адзначыў важнасць сведчання хрысціянаў, якія дапамагаюць іншым у цяжкіх умовах – у лагерах для бежанцаў, шпіталях, зонах ваенных дзеянняў і месцах, дзе людзі пакутуюць ад хвароб.

У завяршэнне гаміліі кардынал П’етра Паралін падкрэсліў, што мір пачынаецца з чалавечага сэрца і патрабуе пастаяннай малітвы. Ён заклікаў вернікаў прасіць Маці Божую Гвадэлупскую аб міры паміж народамі і прымірэнні паміж людзьмі.

Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай
Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай   (REUTERS)


 

06 жніўня 2026, 11:18