Кардынал Паралін: маліцца аб хрысціянах, якія церпяць пераслед
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 жніўня 2026 года кардынал Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін узначаліў у катэдральным саборы Катаніі ўрачыстую святую Імшу з нагоды 900-годдзя вяртання рэліквій святой Агаты, апякункі горада. Ён перадаў жыхарам Сіцыліі прывітанне і благаслаўленне Льва XIV, які прызначыў яго сваім легатам на ўрачыстасці. Гадавіна вяртання рэліквій святой заступніцы дазваляе нагадаць Касцёлу пра вернасць Пана: на працягу стагоддзяў Ён падтрымліваў вернікаў у выпрабаваннях і цяжкасцях, - зазначыў іерарх, заклікаючы маліцца аб хрысціянах, якія ў розных частках свету церпяць пераслед у імя Хрыста і Яго Евангелля.
Папскі легат адзначыў, што святая Агата належыць не толькі да гісторыі Катаніі, але і да сучаснасці Касцёла, таму яе сведчанне не павінна знаходзіцца ў музеях памяці, а працягваць нараджаць веру, надзею і любоў.
Разважаючы пра мучаніцтва святой Агаты і іншых святых, кардынал Паралін падкрэсліў, што сапраўдная моц хрысціяніна паходзіць ад Бога. Касцёл жыве не дзякуючы эфектыўнасці сваіх членаў, а Божай ласцы і вернасці Пана, які працягвае дзейнічаць у чалавечай слабасці. Заклік “Не бойцеся”, які часта сустракаецца ў Святым Пісанні, – гэта “не проста псіхалагічная падтрымка, а аснова хрысціянскага жыцця”, - падкрэсліў Дзяржсакратар.
Кардынал Паралін заклікаў маліцца за сучасных хрысціян, якія церпяць пераслед, і адначасова памятаць пра штодзённае, бяскроўнае, мучаніцтва вернасці, да якога пакліканы і мы. У якасці прыкладу такой штодзённай святасці ён прывёў сужонкаў, якія захоўваюць любоў нягледзячы на цяжкасці, бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей у хрысціянскай веры, моладзь, якая не паддаецца культуры павярхоўнасці, святароў і кансэкраваных асоб, якія шчодра ахвяруюць сваё жыццё, пажылых, якія даверліва ахвяруюць свае пакуты; а таксама ўсіх, хто штодня выбірае справядлівасць замест кампрамісу, праўду замест зручнасці, прабачэнне замест помсты.
Кардынал Паралін звярнуў увагу на сацыяльныя выклікі рэгіёна: беднасць, няроўнасць, ад’езд моладзі ў пошуках будучыні, цяжкасці сем’яў і новыя матэрыяльныя і духоўныя формы беднасці. Зло нельга перамагчы большым злом: гісторыю перамяняе любоў, якая нараджаецца з Крыжа, - нагадаў папскі легат.