Пошук

Арцыбіскуп Энтані Рандаца падчас сустрэчы з Львом XIV. 3.8.2026 Арцыбіскуп Энтані Рандаца падчас сустрэчы з Львом XIV. 3.8.2026  (@Vatican Media)

Новы прэфект: кананічнае права павінна служыць Евангеллю

Арцыбіскуп Энтані Рандаца, прэфект Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах, расказаў пра першыя месяцы служэння ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Энтані Рандаца, якога Леў XIV прызначыў 25 сакавіка 2026 года прэфектам Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах, у гутарцы з аўстралійскім тыднёвікам "The Catholic Leader" падзяліўся ўражаннямі ад першых месяцаў служэння ў Рыме.

"Павольна, але сістэматычна", - так ён апісаў сваю працу, дадаўшы, што Дыкастэрыя параўнальна невялікая, аднак працы хапае. Арцыбіскуп заўважыў, што яго супрацоўнікі паходзяць з Еўропы, Азіі, абедзвюх Амерык і Афрыкі, а сам ён прадстаўляе Акіянію, і назваў гонарам працаваць з людзьмі, якія прыносяць у служэнне Касцёлу такую разнастайнасць вопыту.

Гаворачы пра Льва XIV, які мае досвед працы з кананічным правам, арцыбіскуп Рандаца адзначыў у першую чаргу яго чалавечнасць. "Святы Айцец вядомы сваёй цеплынёй, чалавечнасцю і глыбокай верай. Хоць ён выбітны знаўца кананічнага права, найперш застаецца пастырам, чыя любоў да Хрыста і Касцёла відавочная", - сказаў ён, дадаўшы, што сваю задачу бачыць у адданым служэнні Пантыфіку.

Асаблівае месца ў гутарцы занялі акалічнасці самога прызначэння. Арцыбіскуп прыгадаў, што вестка застала яго ў дарозе ў Рым на аўдыенцыю ў Папы: пасля таго, як аэрапорт быў абстраляны ракетамі, ён апынуўся ў ізаляцыі ў Дубаі.

"У такіх абставінах магчымасць узначаліць Дыкастэрыю была апошнім, пра што я мог падумаць", - прызнаўся ён. Калі сітуацыя супакоілася, ён паехаў у Рым на сустрэчу з Львом XIV, якая, паводле яго слоў, была "поўная прастаты", а давер, які яму аказаў Папа, глыбока яго крануў.

Пра ролю малітвы ў сваім жыцці арцыбіскуп Рандаца сказаў без ваганняў: "Я перакананы, што асабістая малітва – гэта фундамент жыцця хрысціяніна". Кожны дзень ён пачынае з чытання і разважання над Словам Божым, а сілу чэрпае з штодзённай Эўхарыстыі, рэгулярнай споведзі і ружанцовай малітвы.

Тлумачачы сутнасць кананічнага права, ён падкрэсліў: "Права Касцёла ніколі не з'яўляецца мэтай самой па сабе – яно заўсёды павінна служыць Евангеллю і збаўленню душ".

Успамінаючы гады служэння ў Аўстраліі – у Брызбенскай архідыяцэзіі, дзе ён прыняў святарства, у Сіднейскай архідыяцэзіі, дзе нарадзіўся і атрымаў біскупскае пасвячэнне, а таксама ў дыяцэзіі Брокен-Бэй, даверанай яму як пастыру, - арцыбіскуп падкрэсліў, што ён ніколі не забудзе пра Касцёл у Аўстраліі.
 

05 жніўня 2026, 10:55