Пошук

Ватыканскія музеі Ватыканскія музеі   (ANSA)

Ватыканскія музеі бароняць шэдэўры і наведвальнікаў ад спёкі

Ватыканскія музеі распачалі маштабнае абсталяванне сваіх залаў кандыцыянерамі, каб абараніць унікальныя творы мастацтва і здароўе наведвальнікаў падчас анамальнай спёкі ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сувязі з рэкорднай хваляй спёкі ў Паўднёвай Еўропе Ватыкан усё актыўней выкарыстоўвае сістэмы кліматызацыі. Ватыканскія музеі распачалі комплексныя працы па абсталяванні сваіх памяшканняў кандыцыянерамі. Яны будуць працягвацца да верасня 2026 года. Галоўная мэта такога кроку – захаванне бясцэнных твораў мастацтва і клопат пра здароўе людзей.

Раней сістэмы ахаладжэння паветра дзейнічалі толькі ў некаторых залах і ў Сікстынскай капэле са знакамітымі фрэскамі. У апошнія тыдні турысты неаднаразова скардзіліся на невыносную спёку ў розных частках музейнага комплексу, маршруты якога сягаюць каля 7 кіламетраў.

Наяўныя сістэмы часта выходзяць з ужытку праз перагрузкі, а іх мадэрнізацыя вымушае да часовых адключэнняў. Пры гэтым у 2025 годзе музеі наведалі 6,9 мільёна чалавек, што стала гістарычным рэкордам.

Бесперапынная праца кандыцыянераў дапаможа палепшыць самаадчуванне турыстаў і зменшыць рызыку пашкоджання каштоўных карцін праз высокую вільготнасць. Ватыкан плануе пакрыць павялічаныя патрэбы ў электраэнергіі за кошт будаўніцтва аграэлектрычнай станцыі ў экстэрытарыяльнай зоне Санта-Марыя-дзі-Галерыя, на поўначы Рыма.

Паводле звестак метэаралагічных службаў, ліпень 2026 года стаў самым спякотным у Рыме за ўвесь час назіранняў, перавысіўшы папярэдні рэкорд 2024 года.
 

30 ліпеня 2026, 11:38